Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт сцвярджае, што ўрад яго краіны не мае нічога агульнага з «плюшавым дэсантам», які ажыццявілі прадстаўнікі шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total (выкінуўшы над Мінскам і Івянцом 4 ліпеня з самалёта плюшавых мішак з заклікам да свабоды слова).

«Мы з гэтым нічога агульнага не маем — не дазвалялі і не забаранялі.
Як я разумею, у сувязі з гэтым вядзецца незалежнае юрыдычнае расследаванне, я пакідаю гэтую справу праваахоўнікам — гэта шлях, па якім ідуць нашы краіны», — сказаў на прэс -канферэнцыі Більт.

Спачатку Мінабароны Беларусі адмаўляла «інцыдэнт з плюшавымі мішкамі», аднак былі арыштаваныя фатограф Антон Сурапін, які першы змясціў фота плюшавых мядзведзікаў, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які здаў кватэру шведам.

Дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Стакгольмам разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня беларускія ўлады інфармавалі Швецыю аб непрадаўжэнні акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану.
Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвясціла аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. 20 жніўня пасольствы прыпынілі працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?