Еўрапейскі гуманітарны універсітэт аб’явіў аб пачатку набору студэнтаў на сем праграм магістэрскай падрыхтоўкі.

Як паведаміла БелаПАН спецыяліст аддзела грамадскіх і замежных сувязей ЕГУ Кацярына Радзько, у 2007 годзе універсітэт прымае студэнтаў на наступныя магістэрскія праграмы: «Сацыяльная тэорыя і палітычная філасофія», «Культурныя даследаванні», «Міжнароднае права і еўрапейскае права», «Еўрапейскія даследаванні», «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць», «Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны» і «Параўнальная гісторыя краін Паўночна‑Усходняй Еўропы». Тэрмін навучання ў магістратуры — два гады. Форма навучання — вочная, прадугледжвае чатыры‑пяць двухтыднёвых сесій у навучальным годзе ў Літве і работу ў фармаце дыстанцыйнага навучання ў перыяды паміж сесіямі.

Навучанне грамадзян і пастаянных рэзідэнтаў Беларусі на ўсіх магістэрскіх праграмах ажыццяўляецца за кошт сродкаў грантадаўцаў. На час сесіі універсітэт таксама забяспечвае магістрантаў месцамі ў інтэрнаце, пакрывае расходы на медыцынскае страхаванне і аказвае садзеянне ў атрыманні візы ў Літву.

Адбор слухачоў на магістэрскія праграмы будзе праходзіць па выніках уступных іспытаў (экзамена/тэста і гутаркі), адзнацы за эсэ/даследчы праект, сярэднім бале дыплома аб вышэйшай адукацыі і ацэнках (балах) па профільных для кожнай магістэрскай праграмы дысцыплінах, а таксама ступені валодання замежнай мовай.

У ЕГУ таксама прымаюцца студэнты выпускных курсаў беларускіх ВНУ для нефармальнага навучання ў магістратуры. Атрымаўшы беларускі дыплом аб вышэйшай адукацыі, слухачы магістратуры па праграме нефармальнага навучання могуць быць пераведзены ў статус паўнавартасных студэнтаў і залічаны на другі курс магістэрскіх праграм.

Дакументы суіскальнікаў прымаюцца ў два патокі ў электронным фармаце: у першым патоку — да 30 чэрвеня 2007 года, у другім патоку (на астатнія месцы) — да 5 верасня 2007 года ўключна. Пачатак навучальнага года — 1 кастрычніка 2007 года.

Нагадаем, пасля закрыцця ў Мінску ў 2004 годзе ЕГУ аднавіў сваю дзейнасць у Вільнюсе і ў лютым 2006 года атрымаў афіцыйны статус літоўскага ВНУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?