Адкрыццё 80-га сезона Оперы мусіць стацца буйной падзеяй. 9 і 10 верасня адбудзецца прэм’ера новай пастаноўкі жывога класіка беларускай музыкі Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда».

Лібрэта да оперы напісаў сам Уладзімір Караткевіч паводле аднайменнай аповесці.

Персанажы «Сівой легенды», арыстакраты-нобілі, паказаныя як людзі, а не монстры-крывапійцы. Разважлівы і летуценны Раман Ракутовіч, гарачы, грубаваты князь Кізгайла, уладная і суровая пані Любка.

Прэм’ера папярэдняй пастаноўкі адбылася ў 1978 (дырыжор — Уладзімір Машэнскі, рэжысёр — Сямён Штэйн). Спектакль ішоў шэсць сезонаў і быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй (1980).

Лірыка Караткевіча выдатна пасуе і арыям, і ансамблям, і рэчытатывам.
Надоўга захоўваюцца ў памяці мелодыі і словы хору «У вырай сумны правяць гусі зноў ад матчынай зямлі», арыі Рамана «Як сэрца баліць над здраджаным краем», дуэта Ірыны і Рамана «О, Раман, маё святло, маё каханне». Для прыхільнікаў Караткевіча-паэта гэтая опера можа зрабіцца адкрыццём. Слова тут мае не меншае значэнне за музыку.

Нацыянальная опера без нацыянальных опер

Творчы саюз Смольскага і Караткевіча стварыў зусім не савецкую оперу, ці не адзіную з тых часоў, што не састарэла маральна
(выключэнне можа скласці хіба «Францыск Скарына» таго ж Смольскага), на што і звярнуў увагу тэатр у пошуку беларускай оперы.
У нас, бадай, адзіная Нацыянальная опера ў свеце, якая не ставіць нацыянальных опер…
Апошнія пастаноўкі (не лічачы твораў С. Картэса, Я. Глебава, В. Капыцько, В. Кузняцова, беларускіх па грамадзянстве іх аўтараў, але не нацыянальных па змесце) былі вельмі даўно. З буйных нацыянальных твораў тэатр паставіў у 1992 небясспрэчнага ў мастацкім сэнсе «Князя Наваградскага» А. Бандарэнкі (лібрэта В. Іпатавай), а яшчэ раней — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана (1989), выдатны спектакль у пастаноўцы Вячаслава Цюпы, які дасюль трымаецца ў рэпертуары тэатра. Ці ўсё ж не трымаецца? У мінулым сезоне ён не ішоў ні разу, а ў пазамінулым — два разы.

Прынцып касы

Рэпертуарная палітыка нашага тэатра грунтуецца чорт ведае на якіх прынцыпах, самы відавочны з якіх — прынцып касы; усе астатнія фармуляванню не паддаюцца.

Згодна з прынцыпам касы, нават адзін з найлепшых спектакляў — «Тоска», — пастаўлены толькі два гады таму, ужо не варты таго, каб давацца часцей чым раз на паўгода. Затое вульгарнае «Вяселле Фігара», кашмарная пастаноўка «Кармэн» ці такая ж «Травіяты» ідуць ледзь не штомесяц. І гэта ў той час, калі Опера заангажавала аўтарытэтнага пастаноўшчыка Міхаіла Панджавідзэ, уладальніка «Залатой маскі», які, дарэчы, ужо паставіў на нашай сцэне «Набука», «Тоску», «Аіду», «Севільскага цырульніка» і вось цяпер — доўгачаканую «Сівую легенду».

Оперы цяпер яўна ўласцівая непавага да беларускага. Абноўлены капітальным рамонтам тэатр займеў энергічнага дырэктара Уладзіміра Грыдзюшку, які, як гэткі Гаці-Казаца ці Рудольф Бінг, шчыра зычыць свайму тэатру найлепшага. Самым значным праектам Грыдзюшкі трэба лічыць праект філіялаў тэатра ў рэгіёнах. Разам з тым, нават зводная афіша тэатра, якая гадамі друкавалася па-беларуску і вісела на кожнай тумбе, друкуецца цяпер па-расійску. Сайт тэатра беларускую версію мае, але яна не асноўная. Усе праграмкі, афішы друкуюцца на «обшчапанятнам». Канферанс — таксама на «обшчапанятнам». Беларускія арыі не гучаць нават на зборных канцэртах. Традыцыя ладзіць раз на два гады хаця б рытуальныя канцэрты з беларускіх твораў ляснула.

У выніку наведнік галоўнага тэатра краіны не адчувае, што ён сапраўды ў Нацыянальнай оперы. У кіеўскай, віленскай, пражскай оперы такое адчуванне ёсць.

Кантраснымі выглядаюць паводзіны галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ. Прыехаўшы сюды некалькі гадоў таму, Панджавідзэ пачаў вывучаць беларускую мову, практыкаваць яе і «Сівую легенду» Караткевіча чытаў у арыгінале. Гэта чарговы раз пацвярджае тэзіс пра тое, што самая моцная русіфікацыя чыніцца самімі беларусамі.

Справа жыцця

У новай пастаноўцы ў галоўных партыях задзейнічаныя сапраўдныя «нобілі» беларускай оперы — любімцы публікі, народныя артысты Беларусі Сяргей Франкоўскі і Уладзімір Пятроў, цяперашняя прыма оперы, заслужаная артыстка Ніна Шарубіна, а таксама выдатны барытон Станіслаў Трыфанаў і іншыя добрыя артысты (Кацярына Галаўлёва, Эдуард Мартынюк, Наталля Акініна).

Дырыжор-пастаноўшчык спек-такля — заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, які ў адным з інтэрв’ю прызнаўся, што пастаноўка «Сівой легенды» для яго ледзь не справа жыцця, маўляў, ён толькі для гэтага і прыехаў у Беларусь. Гэты таленавіты, тэмпераментны, але нестабільны дырыжор зарэкамендаваў сябе ў Беларусі як вельмі супярэчлівая асоба, аднак ягоная праца над «Тоскай» можа лічыцца ўзорнай.

Усе на прэм’еру! Балазе, квіткоў яшчэ трохі засталося.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?