Як паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская, у першы дзень кампаніі вакцынацыі (31 жніўня) у паліклініках Мінска былі прышчэпленыя больш як 2 тыс. чалавек. Усяго ў сталіцы плануецца прышчапіць ад грыпу больш як 660 тыс. чалавек, у тым ліку амаль 550 тыс. — за кошт бюджэту.

У параўнанні з мінулым годам лік вакцынаваных ад грыпу як у Мінску, так і ва ўсёй Беларусі павінен узрасці.

Калі летась прышчэпкі былі зробленыя прыкладна 32% насельніцтва, то сёлета плануецца вакцынаваць прыкладна 35% грамадзян.

За кошт сродкаў бюджэту традыцыйна вакцынуюцца людзі, якія адносяцца да групы рызыкі развіцця ўскладненняў пасля перанесенага грыпу: пацыенты з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай, дыхальнай і іншых сістэм. Таксама за кошт бюджэту вакцынуюцца дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Асаблівую ўвагу сёлета плануецца надаць вакцынацыі людзей, якім больш за 65 гадоў: у такіх грамадзян практычна не адзначаецца пабочных рэакцый на прышчэпку, а захворванне на грып часта прыводзіць да абвастрэння хранічных сардэчна-сасудзістых захворванняў, інфаркту і інсульту.

Акрамя таго, за кошт сродкаў бюджэту прышчэпкі будуць зробленыя асобам, якія маюць высокую рызыку заражэння на грып — медыцынскім работнікам, выхавацелям і супрацоўнікам закрытых калектываў (інтэрнатаў, дамоў дзіцяці і інш.). Бясплатная вакцынацыя таксама прадугледжана для работнікаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць горада (транспарт, энергетыку і г.д.).

Паводле слоў Глінскай, для вакцынацыі за кошт сродкаў бюджэту закуплены дзве вакцыны: кітайская спліт-вакцына «Флюваксін» і расійская субадзінкавая вакцына «Грыпол плюс», якая рэкамендаваная для пацыентаў з алергічнымі рэакцыямі. Для вакцынацыі за кошт сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў прадугледжана пяць вакцын.
Пакуль у медыцынскія ўстановы паступіла толькі адна з іх — «Грыпол плюс», астатнія будуць прапанаваныя ўсім жадаючым пасля 20 верасня. Усяго за кошт прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзян плануецца прышчапіць 116 тыс. мінчан.

Як адзначыла Глінская, найболей спрыяльны час для прышчэпкі — з верасня па канец лістапада.

Паводле яе слоў, эпідэмічнае становішча з захворваннем на ВРВІ цяпер у Беларусі добрае. З сярэдзіны верасня традыцыйна адзначаецца рост захворвання. Эпідэмічны ўздым звычайна назіраецца не раней за студзень, адзначыла Глінская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?