Злучаныя Штаты Амерыкі вельмі занепакоеныя пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі ў сферы правоў чалавека і фундаментальных свабод, асабліва ў святле парламенцкіх выбараў.
Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Іэн Келі, выступаючы 6 верасня на пасяджэнні пастаяннага савета арганізацыі ў Вене.

Ён падкрэсліў, што ЗША поўнасцю падзяляюць занепакоенасць прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ Дуні Міятавіч у сувязі з затрыманнямі адміністратараў груп у сацыяльных інтэрнэт-супольнасцях.

«Затрыманні Паўла Яўціхіева, Андрэя Ткачова, Рамана Пратасевіча і Алега Шрамука — адміністратараў груп сацыяльнай сеткі VKontakte.ru — з’яўляюцца працягам пераследу свабоды выказванняў у Беларусі,
— сказаў Келі. — Гэтыя і іншыя захады, распачатыя беларускімі ўладамі за апошнія некалькі месяцаў супраць незалежных журналістаў і блогераў, супярэчаць абавязацельствам краіны ў сферы свабоды СМІ як асноўнай умовы для плюралістычнага і дэмакратычнага грамадства».

Келі падкрэсліў, што ЗША заклікаюць Беларусь вызваліць Яўціхіева і Ткачова, зняць з іх усе абвінавачанні, а таксама пачаць супрацоўнічаць з офісам прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ для паляпшэння «паказчыкаў краіны ў пытанні незалежнасці СМІ і адкрытасці».

Акрамя таго, адзначыў Келі, ЗША расчараваныя адмовамі ў рэгістрацыі 68 прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты, у тым ліку лідару руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу.

«Гэтыя дыскваліфікацыі — чарговая праява спроб беларускіх улад задушыць іншадумства і абмежаваць апазіцыю, — сказаў Келі. — Больш за тое, мы асабліва заклапочаныя адмовай улад дапусціць прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія праводзяць першы падлік галасоў. Цэнтрвыбаркам даў згоду толькі 61 кандыдатуры ў камісіі з 862 прапанаваных апазіцыяй».

Келі таксама падкрэсліў, што з 68 тысяч 945 чалавек у 6 тысячах 301 камісіі доля апазіцыі складае менш як 0,1%. «Такія недэмакратычныя падыходы выключаюць магчымасць празрыстасці выбарчага працэсу», — рэзюмаваў ён.

У сваім выступленні Іэн Келі адзначыў, што ЗША выказваюць шкадаванне ў сувязі з рашэннем беларускага ўрада «выслаць пасла Швецыі і прымусіць Швецыю адклікаць увесь свой дыпламатычны персанал у Мінску». «Мы салідарныя з нашымі еўрапейскімі партнёрамі і спадзяемся, што Беларусь бліжэйшым часам прапануе Швецыі зноў адкрыць у Мінску сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва», — сказаў прадстаўнік ЗША пры АБСЕ.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?