Вуліца Цэнтральная. Палова хатаў – пустыя.

Вуліца Цэнтральная. Палова хатаў – пустыя.

Сухія дрэвы могуць паваліцца хоць заўтра.

Сухія дрэвы могуць паваліцца хоць заўтра.

Пенсіянерам няма дапамогі.

Пенсіянерам няма дапамогі.

Жыхары невялікай вёскі Стаўры, што ў Аршанскім раёне, напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Яны папярэдзілі, што не пойдуць на выбары, пакуль ужо дзейныя дэпутаты не вырашаць набалелыя праблемы вяскоўцаў.

Галоўная вуліца ў Стаўрах завецца Цэнтральнай. Хаты цераз адну закінутыя, спрахлыя платы, сухія дрэвы і някошаны бур’ян…
Такі вясковы краявід штодня назіраюць 80 мясцовых жыхароў, палова з якіх пенсіянеры.

Яны — тыя, каго прынята лічыць апірышчам сучасных уладаў, — таксама падпісалі калектыўны ліст у адміністрацыю Лукашэнкі. Дапамогі нават ад бліжэйшай улады, дэпутатаў сельсавета, і то не відаць, кажа спадарыня Ніна:

«А што мне сельсавет? Бура паламала дзве слівіны, і няма каму іх зрэзаць. Ніхто так і не прыехаў. Каму гэта ўсё трэба?»

Адзінае, што застаецца, — гэта прыгразіць байкотам выбараў, дадае спадарыня Раіса:

«Можна ж было не даводзіць да гэтага, каб баршчавік атрутны рос каля могілак! Два гектары бур’яну там ніяк не абкосяць, дарогі не абкошаныя — ужо не відаць, як у вёску ўехаць! Аварыйныя дрэвы ёсць у вёсцы. Ідзе зіма, як пачнуць яны ламацца, дык ізноў будзем сядзець без святла па цэлых сутках! Мы ставім газавыя катлы, а як святла не будзе, дык усё — будзем мы мерзнуць тады! Ну чаго гэта трэба нам пісаць аж да прэзідэнта, каб разбірацца?»

Подпісы вяскоўцаў пад калектыўным лістом з папярэджаннем пра байкот выбараў збіраў старэйшына вёскі Ігар Грышанаў:

«Перш чым зьбіраць подпісы, я паехаў да старшыні сельсавета, я паехаў у райвыканкам. Каб не думалі, што я пішу лісты за іхнай спінай. Кажу: „Хлопцы, трэба скасіць два з паловай гектары бур’яну каля могілак!“ Не-то касілкі няма, то салярка дарагая… Дзедушкін, чалавек перадпенсійнага ўзросту, які фермы закапаў, што пасля вайны людзі адбудавалі, лезе не куды-небудзь, а ў Менск!

Гэтая ўлада цалкам дыскрэдытавала сябе ў вачах людзей! І я сабраў подпісы, усе падпісаліся!»

Два з паловай гектары бур’яну і аварыйныя дрэвы — далёка не ўсё, што павінна было б хваляваць дэпутатаў, лічыць старэйшына:

«40 чалавек працаздольных, але няма дзе працаваць. Хто ў Оршы працуе — а да Оршы паспрабуй дабярыся! Зімой дарогі замятае — ні прайсці, ні праехаць! Лес спілавалі, рэчку спаганілі. Калодзежы трэба зачыняць — дужа кепская ў іх вада! Выбіраем-выбіраем… Дык пакажыце, за каго мы галасавалі? У мяне клуб насупраць дома, чаму б не прыехаць тым, за каго мы раней галасавалі, не даць нам справаздачу? Не дачакацца іх. У людзей забралі надзею на выбары!»

Надзея цяпер толькі на байкот. Ліст з папярэджаннем ужо дайшоў да прэзідэнцкай адміністрацыі, і ў Стаўрах пачаліся першыя змены:
знайшлася касілка, каб абкасіць дарогу. Але як справы не прасунуцца далей, людзі гатовыя не пайсьці на выбары.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?