Суд Маскоўскага раёна Мінска (суддзя — Юрый Сезін) прыгаварыў Паўла Вінаградава, кіраўніка маладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» «Zмена», да пяці сутак адміністрацыйнага арышту.

Кіраўніка «Zмены» затрымалі раніцай 7 верасня (07:30). Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да маладзёжнага актывіста дамоў і павезлі яго ва ўпраўленне ўнутраных спраў Маскоўскага раёна. Свае дзеянні яны нічым не тлумачылі. Суд над Вінаградавым павінен быў прайсці 7 верасня, але адміністрацыйны пратакол у дачыненні да актывіста адправілі на дапрацоўку да панядзелка.

Сведкамі ў судзе над Вінаградавым выступілі два супрацоўнікі міліцыі — Сяргей Савугін і Андрушэнка. Яны заявілі, што Вінаградаў брыдкасловіў каля свайго пад’езда, калі яны праходзілі міма.

Суддзя задаволіў хадайніцтва абароны абвінавачванага пра выклік у суд міліцыянера Аляксандра Давідзюка, які ўдзельнічаў у затрыманні Вінаградава ў яго кватэры.

Аднак інспектар, які з’явіўся ў суд пасля перапынку, заявіў, што ён Вінаградава не затрымліваў.

Хадайніцтва аб праглядзе відэазапісаў з камеры назірання на цэнтральным уваходзе Маскоўскага РУУС, куды Вінаградава даставілі міліцыянеры, каб пераканацца, што яго затрымоўвалі зусім іншыя людзі, суд не задаволіў.

У выніку Вінаградаў быў прызнаны вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і прыгавораны да пяці сутак арышту. Святлана Вінаградава паведаміла, што частку тэрміну (3,5 сутак) ён ужо адседзеў.

Паводле Святланы Вінаградавай, яны маюць намер абскардзіць гэты несправядлівы вырак.

Нагадаем, 10 верасня суд Кастрычніцкага раёна Мінска пакараў актывіста «Zмены» Аляксандра Арцыбашава трыма суткамі адміністрацыйнага арышту. Паколькі актывіст быў затрыманы 7 верасня і з таго часу знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі адразу пасля абвяшчэння рашэння суда.

Я - непатапляльны крэйсер

Караткаметражны фільм Вольгі Мікалайчык пра Паўла Вінаградава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?