Балатуецца Анатоль Лябедзька ў Старавіленскай акрузе Мінска №105.

Яму процістаялі дзейны дэпутат Мікалай Самасейка, кандыдат ад партыі БНФ Яўген Рыбакоў і сябра ЛДП Максім Сонцаў.

Пад час дэбатаў на тэлеканале Беларусь-2 кандыдат у дэпутаты Анатоль Лябедзька папрасіў свайго апанэнта, кандыдата Мікалая Самасейку, які ўжо адседзеў чатыры гады ў Палаце прадстаўнікоў, пракамэнтаваць адну зь вядомых заяваў кіраўніка Беларусі. Ён нагадаў, што пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 года Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за яго прагаласавала значна больш людзей, чым гэта выдаў Цэнтравыбаркам. Але ён загадаў памяняць гэтыя лічбы амаль на 10 працэнтаў. Лябедзька спытаў Самасейку як юрыста, ці ёсьць тут правапарушэньне і злачынства зь юрыдычнага гледзішча, бо тут ідзе гаворка пра фальсыфікацыю, ня важна, у які бок. На гэта Самасейка адказаў:

«Напэўна, вы памятаеце гэта выказваньне, якое сказана з усьмешкай, жартам, пасьля таго як было сказана, што выбары сфальшаваныя. Насамрэч вы цудоўна разумееце, што кіраўніку краіны не было неабходнасьці фальшаваць, тым больш у меншы бок».

На просьбу карэспандэнта «Свабоды» Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў выказваньні Мікалая Самасейкі: «Па сутнасьці, ён не адказваў ні на адно маё пытаньне. Ён назваў Лукашэнку жартаўніком. Вось увесь яго адказ. Гэта адказ не юрыста. Я ўсё ж арыентаваўся на тое, што Самасейка — гэта юрыст зь вялікім досьведам у судзе. І на кваліфікацыю заявы Лукашэнкі, што ён даў загад, фактычна, на фальсыфікацыю выбараў. То тут ён адказаў не як юрыст. Гэта наогул дзіцячы адказ, што гэта быў жарт».

Пад час дэбатаў Анатоль Лябедзька таксама згадаў пра палітвязьняў, заявіў пра наяўнасьць палітычнай цэнзуры, бо ў радыё і тэлеэфір ня выйшла больш за 30 выступаў кандыдатаў у дэпутаты (сьпікераў) ад АГП. Ён заклікаў уладу і яе кіраўніка «спыніцца ў тыражаваньні злосьці і гвалту, у назапашваньні нянавісьці». Зьвяраючыся да выбарцаў ён сказаў — «ідзіце і галасуйце, калі хочаце, каб вас падманвалі». Таксама Лябедзька заклікаў Самасейку прынесьці прабачэньні грамадзянам Беларусі «за бязьдзейнасьць і фінансавы каляпс у мінулым годзе, які каштаваў грамадзянам паўтара мільярда даляраў». Ён адзначыў, што па сваёй ініцыятыве дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ўсяго тры законапраекты. Паводле Лябедзькі, «гэта прыкладна калі сьлесар —зборшчык на „Гарызонце“ зрабіў тры тэлевізары, а потым чатыры гады атрымліваў заробак».

Калі Самасейка зрабіў закід на адрас АГП, што яна не скарысталася правам заканадаўчай ініцыятывы, Лябедзька адказаў:

«Вешайце локшыну разам з баршчамі спадарыні Ярмошынай сваім прыхільнікам. Ня ўводзьце людзей ў зман. Вы прынялі такі законапраект, што рэалізаваць права заканадаўчай ініцыятывы немагчыма. Прыклад спадара Вуса, у кампанію якога ўвайшлі і прадстаўнікі АГП. гэта даказвае. Вы стварылі такі закон, каб людзі не маглі ініцыяваць».

Мяркуецца, што ў аўторак у тэледэбатах возьме ўдзел Станіслаў Багданкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?