Прэм’ер‑міністар Украіны Віктар Януковіч і колішні прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі абмеркавалі палітычную сытуацыю ва Ўкраіне.

Экс‑прэзыдэнт Польшчы прыляцеў у Кіеў сёньня ўначы, каб дапамагчы разьвязаць палітычную крызу ва Ўкраіне. У Квасьнеўскага таксама заплянаваныя сустрэчы зь Юшчанкам, Цімашэнкай і, магчыма, Марозам. Пра гатовасьць далучыцца да ўрэгуляваньня ўкраінскай крызы зявілі калегі Віктара Юшчанкі — кіраўнікі Літвы і Польшчы.

Сёньня ў Кіеве таксама знаходзіцца віцэ‑прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Марэк Сівец. Ён сустракаецца з украінскімі палітыкамі. Адрыян Сэвэрын, кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту, заявіў, што Эўрапарлямэнт гатовы накіраваць ва Ўкраіну сваіх дэпутатаў для вырашэньня палітычнага супрацьстаяньня.

Міністар замежных спраў Украіны тым часам у Страсбургу распавядзе эўрапейскім высокапастаўленым чыноўнікам пра украінскія справы. Паводле інфармацыі прэзыдэнцкай канцылярыі, міністар данясе афіцыйную пазыцыю Ўкраіны, галоўная тэза якой — «вырашэньне крызы мае адбывацца ў канстытуцыйным полі выключна мірнымі сродкамі праз дыялёг як па лініі прэзыдэнт — прэм’ер, так і па лініі ўсіх галоўных палітычных сіл».

Паводле 5 каналу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0