Калі нехта й мог выйграць у Лукашэнкі першыя прэзідэнцкія выбары — дык гэта Генадзь Карпенка. Таму да другіх прэзідэнцкіх выбараў ён не дажыў.

Перад першымі выбарамі супернікі Карпенкі (Кебіч, Лукашэнка, Шушкевіч) зрабілі ўсё, каб Карпенка ў выбарах не ўдзельнічаў. Са 100 з лішкам тысяч сабраных ягонымі валанцёрамі подпісаў ЦВК прызнаў сапраўднымі 93000. З 78 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія падпісаліся за вылучэнне Карпенкі кандыдатам у прэзідэнты, 14 дэпутатаў раптам адклікалі свае подпісы. Сярод іх толькі Дзмітрый Булахаў быў з каманды Лукашэнкі: кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы. Астатнія (якіх актыўна агітаваў дэпутат Алег Трусаў) падтрымлівалі Шушкевіча і Кебіча. Можна сказаць, што вось тыя 14 дэпутатаў і выбралі прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Ці ва ўсякім выпадку: першымі за яго прагаласавалі.

* * *

Генадзь Карпенка умеў рабіць усё тое самае, што і Аляксандр Лукашэнка, толькі лепш.
У адных сітуацыях ён мог быць гэткім самым народным, як і цяперашні «народны прэзідэнт», а ў іншых — інтэлігентным, чаго Лукашэнку не дадзена.

Карпенка быў вучоным, дэпутатам, дырэктарам, мэрам — і ў гэтым была ягоная моц. Разам з тым меў ён адну (але істотную) слабасць: сібарыцтва.

Увогуле сібарытам (калі жыццё дазваляе) быць не кепска. Ды не ў палітыцы, дзе ты можаш нічога не рабіць толькі ў тым выпадку, калі нічога не хочаш. А калі ты нічога не хочаш, дык што ты робіш у палітыцы?

У Карпенкі была магчымасць праз суд змусіць ЦВК зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты, дабіцца ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Ва ўсякім разе паспрабаваць гэта зрабіць. Ён не стаў займацца гэтым — і менавіта праз сваё сібарыцтва. А яшчэ праз свой амаль класічна беларускі, а значыць, не надта рашучы і недастаткова амбіцыйны характар. Праз гэта, між іншым, ён доўга не мог зразумець, чаму ягоны амбіцыйны паплечнік Віктар Ганчар апынуўся разам з не менш амбіцыйным Дзмітрыем Булахавым у прадвыбарным штабе Аляксандра Лукашэнкі.

* * *

Прасібарыціўшы прэзідэнцкія выбары, Карпенка стаў казаць, што не наспела яшчэ для прэзідэнцтва ягоная пара.
Для дырэктара саўгаса Лукашэнкі наспела, а для дырэктара завода, мэра, доктара тэхнічных навук Карпенкі — не…

Карпенка не верыў, што Лукашэнка можа стаць прэзідэнтам. Ён уявіць, дапусціць не мог, што нармальныя людзі могуць яго выбраць. Гэта была найістотная ягоная памылка: ён не адчуваў, што людзі гатовыя галасаваць за каго заўгодна, абы толькі супраць сістэмы і тых, хто яе ўвасабляе. Ён загадзя аддаваў перавагу Кебічу, бо быў яшчэ заварожаны сілай той сістэмы і тых людзей, асабліва людзей маскоўскіх, крамлёўскіх, якія Кебіча падтрымлівалі. У нейкі момант ён і мяне ў тым пераканаў — і я заклаўся на скрыню каньяку з Дзмітрыем Булахавым, што ўсе іх старанні з Ганчаром і Фядутам марныя: Лукашэнка прайграе...

Прайграў я. Але й прайграў, хоць і выйграў, Булахаў.

* * *

Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам і прызначыў Віктара Ганчара віцэ-прэм’ерам (а не прэм’ерам і не кіраўніком адміністрацыі), у Ганчара даволі хутка ўзніклі сумневы ў правільнасці зробленай ім стаўкі.

У шпіталь, дзе ляжаў з гіпертанічным крызам Генадзь Карпенка, якога дамовіліся мы разам наведаць, Ганчар прыйшоў раз’юшаны. Гадзіну таму Іван Ціцянкоў (прызначаны кіраўніком справаў прэзідэнцкай адміністрацыі) запрасіў яго ў свой кабінет, а ў тым кабінеце — гара футравых шапак. І кіраўнік справаў Адміністрацыі прэзідэнта шырокім жэстам прапанаваў намесніку кіраўніка ўрада: «Выбірай любую!..»

— Я ўжо ашалеў у той кампаніі, у якой апынуўся, — казаў Ганчар, — і, можа, толькі гэтай шапкі мне й не хапала, каб з кампаньёнамі расплявацца!

— А я, Віця, узяў бы шапку, — іранічна збіў Карпенка напал з Ганчара. — Хоць ведаў бы, за што служыў. Пасля ўнукам бы паказваў, як будзёнаўку.

* * *

Карпенка казаў, што любімы ягоны занятак у Вярхоўным Савеце — гульня «Шушу ганяць».

Пляжыць Шушкевіча.

«Шушу ганяць» любілі і Булахаў з Ганчаром.

Праз гэтую гульню нікому невядомы дырэктар саўгаса Лукашэнка стаў знаным палітыкам, а потым і прэзідэнтам.

Праз гэтую гульню Карпенкі, Ганчара і Булахава проста не стала.

Але ж пагулялі. Шушу паганялі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?