Той самы танк

Той самы танк

На мінулым тыдні Міністэрства абароны пасля адмовы баранавіцкіх уладаў усё ж такі ўцягнула танк «ІС-3» на пастамент у горадзе Ваўкавыску.

Але навошта? Навошта палкоўнікам ды генералам такі цяжкі клопат? Каб народ не забываўся пра вайну, а моладзь адчувала наплыў патрыятычных пачуццяў? Так, яны тлумачаць свае безупынныя выхаваўчыя намаганні менавіта гэтым. Між тым, не здольны патлумачыць нават тое, чаму ці каму паставілі гэты помнік. Ці то вызваліцелям Ваўкавыска ў ліпені 1944, ці то самому танку «ІС-3», які, дарэчы, амаль не ваяваў, ці то ўсім танкістам... А мо хочуць хаця б такім чынам ушанаваць «ІС» — Іосіфа Сталіна?..

У мяне ёсць свая версія, пакінутая светлай памяці стрыечным братам Мікалаем.

Упершыню я ўбачыў Мікалая ўвесну 45-га, калі ён завітаў да сваёй маці, маёй цёткі Надзі ў Мінск. Я з захапленнем глядзеў на ягоныя старшынскія, літарай «Т», наплечнікі, мацаў бліскучы ордэн ды звонкія медалі. І не разумеў, чаму плача цётка Надзя, калі кожны вечар, перад сном, крыж-накрыж абвязвае Мікалая бялюткім бінтом. Мне, чатырохгадоваму, здавалася, што гэта нейкая гульня, бо я, памятаю, прасіў, каб яна перакрыжавала і мяне, таксама па-геройску параненага... Пакойчык поўніўся вострым пахам нейкіх лекаў, Мікалай стагнаў, але на маё патынне, ці балюча, падміргваў і моўчкі ўздымаў вялікі палец... Пазней я даведаўся, што завітаў ён да маці са шпіталя, па дарозе ў Харкаў, дзе яго чакала Галя, любая па ліставанню дзяўчына. На развітанне ён узяў ліст паперы, каляровыя алоўкі, што прывёз мне ў падарунак, і намаляваў танк. Як зараз я бачу той імклівы танк — зялёны, з чырвонай зоркай і гарматай, адкуль вылятае чорны снарад... Трохі падумаўшы, Мікалай зноў падсунуў да сябе паперу і дамаляваў чырвона-жоўтую пляму: «А вось так танкі гараць...»

Мікалай гарэў у танку недзе за Одэрам.

Усё астатняе жыццё ён пражыў у Баку, здабываў нафту, гарэў і на свідравальнай, на пенсіі падаўся ў пажарныя, мусіць, дрэнна ставіўся да агню...

Кожны год, пакуль жыла маці, Мікалай прыязджаў у Мінск, няспынна цытаваў «Новую зямлю» і амаль кожную раніцу ездзіў збіраць грыбы ў Коласава, у знакаміты грыбны лес. «Не надакучыла? — спытаў я аднойчы. — Вось так, кожны дзень...» «Ціха там, разумееш, ціха...»

У 91-м ён прыехаў у жніўні і, пачынаючы з 19-га, тры дні праседзеў, забыўшыся пра грыбы, ля тэлевізара, моўчкі глядзеў, як пруць на Маскву танкі...

Напрыканцы кастрычніка 93-га прыйшоў ліст з Баку. «У нас вялікае гора, — паведамляла Галя, — Коля павесіўся, не пакінуў нават ніякага пісьмовага тлумачэння. Апошнія гады, праўда, адразу пасля бакінскіх падзей, стаў нейкім замкнёным, вельмі перажываў распад Савецкага Саюза, гаварыў, што ўжо немагчыма будзе ездзіць да маці і ў грыбы...»

Узрушаны, я некалькі разоў перачытаў ліст і раптам зразумеў: ён паглядзеў па тэлевізары, як танкі паляць у Маскве па Беламу дому...

Дык навошта палкоўнікам ды генералам новыя, у дадатак да амаль ужо сарака існуючых, помнікі з танкаў?
Яны што, напішуць на пастаментах, што вось гэты танк паліў у 1956 у Будапешце па ўгорцах, вось гэты ў 1968 душыў чэхаў у Златай Празе, вось гэты — літоўцаў у 1991, а вось гэты толькі і чакаў загаду дайсці хуткім маршам аж да Ла-Манша?..

Свядома ці падсвядома палкоўнікі ды генералы ідуць у сваю «танкавую атаку», каб доўжыць так званы «савецкі патрыятызм» кшталту гатоўнасці «легчы пад танкі»; каб навечна зацвердзіць пагрозлівы для незалежнасці Беларусі напамін аб нібыта моцнай дзяржаве, якая існавала і ўтрымлівалася на трагічных лёсах людзей, народаў і цэлых краін.

Мушу думаць, што для тых, хто сапраўды гарэў у танках на войнах той дзяржавы, такі сталёвы напамін будзе, па сутнасці, гістарычнай абразай.
Для моладзі — ваяўніча-хлуслівым уяўленнем пра моц імперыі, у якой Беларусі было быццам бы сытна, цёпла і недасягальна для ворагаў. А для дзяцей — небяспечным уяўленнем пра вайну, на якой гінуць толькі ворагі і гараць толькі варожыя танкі...
На цырымоніі ў Ваўкавыску міністр абароны Жадобін з гонарам паведаміў, што міністэрства вырашыла працягнуць традыцыю ставіць помнікі з танкаў.
Такім чынам, ёсць пагроза, што ў краіне ўвогуле не застанецца вялікіх і малых гарадоў, дзе на плошчах ды перакрыжаваннях не стаялі б гэтыя страшыдлы, дэманструючы сваю нікому не патрэбную моц.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?