У выдавецтве грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» выйшла ілюстраваная кніга «Мікола Ермаловіч». Яе падрыхтавалі старшыня Мінскага гарадскога культурна‑асветніцкага клуба «Спадчына» Анатоль Белы і члены клуба Анатоль Валахановіч і Надзея Сармант.

Як паведаміў БелаПАН рэдактар выдання А.Белы, 360 старонак кнігі распавядаюць пра жыцце і працу выбітнага беларускага гісторыка, паэта і дысідэнта. Па яго словах, у выданне ўвайшлі успаміны пра Ермаловіча яго сяброў, у тым ліку гісторыкаў Анатоля Грыцкевіча, Міхася Чарняўскага і Язэпа Юхо, пісьменнікаў Вольгі Іпатавай і Генрыха Далідовіча. У кнізе змешчаны ўсе мастацкія творы, прысвечаныя Ермаловічу, у тым ліку вершы, здымкі помнікаў і рэпрадукцыі жывапісных твораў Анатоля Крывенкі, Аляксея Марачкіна і Алеся Цыркунова, а таксама графічныя работы Яўгена Ціхановіча. Прадстаўлена і літаратурная творчасць самога вучонага, у прыватнасці больш за 100 ягоных вершаў 1970‑1980‑х гадоў, у якіх Ермаловіч раскрываецца як найвыдатнейшы паэт свайго часу, адзначыў А.Белы. «Але найбольшую цікавасць выклікаюць 52 гутаркі і інтэрвію з Ермаловічам у 1970‑я гады, значная частка якіх раней не публікавалася. У іх навукоўца ўздымае пытанні захавання гісторыка‑культурнай спадчыны беларусаў і іх роднай мовы», — паведаміў А.Белы, які добра ведаў гісторыка і ўключыў у кнігу свае ўспаміны пра яго.

Старшыня «Спадчыны» выказаў упэўненасць, што з цягам часу Мікола Ермаловіч будзе прызнаны «не толькі вялікім даследчыкам мінулага Беларусі, але і вялікім беларускім паэтам і дысідэнтам».

У бліжэйшы час у Мінску адбудзецца прэзентацыя выдання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?