На перадвыбарным пікеце, арганізаваным кампаніяй «Гавары праўду!» 13 верасня ў Мінску, выбаршчыкаў заклікалі дапамагчы адшукаць дзейных дэпутатаў палаты прадстаўнікоў.

Прахожым, у прыватнасці, прапаноўвалася сярод 110 фатаграфій дэпутатаў ніжняй палаты парламента адшукаць таго, хто быў абраны ў іх акрузе на парламенцкіх выбарах 2008 года.

Актывіст «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч праз мегафон аб’яўляў аб прапажы дэпутата, якога чатыры гады таму бачылі ў акрузе, аднак больш там ён не паяўляўся.
«За гадзіну, на працягу якой мы праводзілі акцыю, усяго чалавек пяць змаглі назваць прозвішча свайго дэпутата», — паведаміў ён.

Пашкевіч нагадаў, што старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына гаварыла аб непрыметнай выбарчай кампаніі. «Але рэч не толькі ў тым, што кампанія праходзіць малапрыметна, людзі ў нашай краіне не ведаюць нават дзейных дэпутатаў. Значыць, яшчэ чатыры гады таму людзі не хадзілі на выбары», — зазначыў ён.

Актывіст мяркуе, што сённяшні пікет можа быць «лепшым тэстам для ўладаў на іх папулярнасць і запатрабаванасць у народа».
«Людзі ў твар дэпутатаў не ведаюць. Яны ведаюць Лукашэнку, Ярмошыну, Лазавіка і больш нікога. Калі б на тэлебачанні Ярмошыну паказвалі хаця б у два разы менш і давалі гэты эфірны час кандыдатам у дэпутаты, тады б і агітацыйная кампанія праходзіла больш прыметна», — сказаў ён.

Кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 Таццяна Караткевіч лічыць абраную форму правядзення пікета «вельмі прываблівай». «Яна выклікае выбаршчыкаў на размову, дазваляе ім спакойна выказаць сваё меркаванне», — заявіла яна БелаПАН.

А вы ведаеце, хто ваш дэпутат з 2008 года?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?