Яўген Васьковіч, які ўтрымліваецца ў магілёўскай турме № 4, не губляе прысутнасці духу.
Пра гэта паведаміў журналістам старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Віктар Сідарэнка, які наведаў палітзняволенага 14 верасня.
«Настрой у яго нармальны, вясёлы такі. Ён паголены. Прыгнечанага настрою няма», — паведаміў Сідарэнка.

Наведванне Васьковіча было абумоўлена скаргай, якую накіраваў у грамадскую назіральную камісію аблвыканкама бабруйскі журналіст Анатоль Санаценка. У ёй, у прыватнасці, гаварылася аб перашкодах у перапісцы з Васьковічам.

Віктару Сідарэнку далі магчымасць пагутарыць з палітзняволеным сам-насам.

Паводле яго слоў, Яўген прасіў журналістаў не пісаць пра тое, што ён нібыта не атрымлівае лістоў, бо атрымаў па пошце і лісты, і грошы.

«Працаваць на фашысцкі рэжым» палітзняволены, паводле слоў кіраўніка грамадскай камісіі, адмаўляецца. «Выглядае ён добра, харчаванне нармальнае, але яму патрэбны лекі „Мезім“. Папрасіў, каб маці прыслала медыкаменты», — сказаў Сідарэнка.

Ён таксама паведаміў, што нейкі час Яўген правёў у карцары за розныя правапарушэнні — «парушэнне формы адзення, непрыбранасць». «Ён сам прызнае, што былі дробныя парушэнні, ніхто іх там „да пазногця“ не цісне.

З суседзямі па камеры ў яго ўсё нармальна», — сцвярджае Сідарэнка. Паводле яго слоў, зараз у 12-мясцовай камеры з Васьковічам утрымліваюцца восем чалавек.
Найбліжэйшае спатканне са сваякамі ў палітзняволенага павінна адбыцца ў студзені 2013 года.

***

У маі 2011 года суд Бабруйска (Магілёўская вобласць) прыгаварыў Яўгена Васьковіча, Паўла Сырамолатава і Арцёма Пракапенку да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага па абвінавачанні ў спробе падпалу будынка мясцовага аддзела КДБ. Маладыя людзі прызнаны вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса.

Напад на будынак аддзела КДБ у райцэнтры адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года — у яго былі кінуты бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпелых не было. Крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства» распачынала міліцыя Бабруйска.

Праваабаронцы лічаць Васьковіча палітычным зняволеным.

***

Яўген Сяргеевіч Васьковіч, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4;

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?