Аднак толькі маладым сем’ям, толькі «чаргавікам» і толькі на будаўніцтва.

У блiжэйшыя гады ў Беларусi будзе рабiцца асноўная стаўка на падтрымку сем’яў, якiя выхоўваюць дваiх i больш дзяцей, — аб гэтым падчас сустрэчы з журналiстамi паведамiла начальнiк аддзела сямейнай палiтыкi i гендэрных праблем Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Аляксандра Лiсоўская.

Не сакрэт, што асноўнай прычынай, якая стрымлiвае нараджальнасць у Беларусi, з’яўляецца «кватэрная праблема». Таму, паведамiла Аляксандра Лiсоўская, сёння ўжо распрацаваны праект указа кiраўнiка дзяржавы аб дапамозе маладым сем’ям у пагашэннi «няльготных» крэдытаў на будаўнiцтва жылля. Праект вызначае, што пры нараджэннi цi наяўнасцi аднаго дзiцяцi будзе «спiсаная» сума камерцыйнага крэдыту ў памеры 20, пры нараджэннi цi наяўнасцi дваiх дзяцей — 40, а пры нараджэннi i наяўнасцi траiх цi большай колькасцi дзяцей — у памеры 50 бюджэтаў пражытковага мiнiмуму.

Пры гэтым, зазначыла Аляксандра Лiсоўская, на сёння засталася па сутнасцi апошняя прыступка ўзгаднення праекта ўказа — Мiнiстэрства фiнансаў. Таму не выключана, што гэты дакумент будзе падпiсаны ўжо блiжэйшым часам. Да слова, тут жа варта заўважыць: указ датычыцца сем’яў, дзе прынамсi адзiн з бацькоў знаходзiцца ва ўзросце да 31 года або знаходзiўся ў такiм узросце на момант прыняцця на ўлiк маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў па катэгорыi «маладая сям’я».

Сяргей Грыб, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0