Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў накіроўваць сродкі ў ходзе мадэрнізацыі ў эфектыўныя праекты. Адпаведную задачу ён агучыў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе разглядаліся вынікі інвестыцыйнай дзейнасці за студзень-ліпень 2012 года і задачы на астатні перыяд года.

Пакуль прарыўных праектаў і ідэй у краіне вельмі мала, падкрэсліў, кіраўнік урада.
Аднак попыт на іх цяпер вельмі высокі. Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў інвесціраваць сродкі, найперш, у рэалізацыю такіх праектаў. «Калі мадэрнізацыя звядзецца да таго, што нават у неэфектыўныя і бесперспектыўныя прадпрыемствы зноў жа ўкладваць грошы, невядома, што мы атрымаем. Гэта не мадэрнізацыя, а марнатраўства, такога быць не павінна, — заявіў ён. — Таму трэба ў першую чаргу ўкладваць сродкі ў вытворчасці, якія будуць эфектыўнымі і заўтра, і праз 10 гадоў». У гэтай сітуацыі прэм’ер-міністр станоўча ацаніў работу некаторых банкаў, якія ажыццяўляюць дэталёвую ацэнку праектна-каштарыснай дакументацыі і праводзяць незалежную экспертызу бізнес-планаў.
«Калі мы не забяспечым мадэрнізацыю прадпрыемстваў, калі не зменім падыходы па структуры эканомікі, то зразумела, што выходзіць на паказчыкі 2013 года і пяцігодкі будзе вельмі складана,
— дадаў Міхаіл Мясніковіч. — У аснове ўсіх гэтых працэсаў інвестыцыйная дзейнасць». Менавіта на гэта звярнуў увагу і кіраўнік дзяржавы на нарадзе 11 верасня.
Разам з тым, шэраг міністэрстваў і аблвыканкамаў не выканалі запланаваныя паказчыкі.
Прэм’ер-міністр папрасіў даць тлумачэнні, назваць прычыны. «Спасылацца на тое, што не хапіла або недастаткова бюджэтных ці крэдытных рэсурсаў, гэта не зусім аб’ектыўна, — падкрэсліў ён. — Калі дарагія рублёвыя крэдыты, у нас дастаткова замежных крэдытных ліній з невысокай працэнтнай стаўкай».

Як паведаміў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, пачынаючы з 2002 года ў Беларусі назіраліся высокія тэмпы інвестыцый у асноўны капітал. Калі за 2001–2005 гады ў эканоміку ўкладзена $20 млрд., ужо ў наступнай пяцігодцы (2006–2010) — у тры з палавінай разы больш, а гэта больш за $70 млрд. У 2011 годзе гэты аб’ём сродкаў дасягнуў $21,3 млрд. Доля інвестыцый у асноўны капітал у ВУП як асноўны паказчык расшыранага ўзнаўлення і індыкатар нацыянальнай бяспекі ў мінулым годзе склаў рэкордныя 36%.

У студзені-жніўні гэтага года ўзмацненне грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі, пэўнае скарачэнне крэдытавання дзяржпраграм аказалі стрымальны ўплыў на развіццё інвестыцыйнай сферы, канстатаваў Мікалай Снапкоў.
За названы перыяд у эканоміку краіны ўкладзена Br85,8 трлн. інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту склаў 84,1 працэнта да ўзроўню студзеня-жніўня 2011 года. Па выніках года тэмп росту чакаецца на ўзроўні 91 працэнта. Пры гэтым доля інвестыцый у асноўны капітал у ВУП складзе 29,5 працэнта, што на 1,5 працэнта вышэй, чым сярэдняе значэнне за апошнія восем гадоў.

Аналізуючы дынаміку інвестыцыйнай актыўнасці, міністр адзначыў, што арганізацыі рэспубліканскага і камунальнага падпарадкавання не змаглі знайсці дастатковага аб’ёму знешніх рэсурсаў для развіцця і выканання інвестыцыйных планаў. Адной з асноўных крыніц фінансавання інвестыцый застаюцца бюджэтныя сродкі. Разам з тым, арганізацыі прыватнага сектара змаглі ў большай ступені сарыентавацца на знешнія крыніцы развіцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?