Пра вялізныя заробкі таксістаў, асабліва нелегальных, ходзяць легенды. Гэтыя людзі займаюць самыя прыбытковыя месцы ў сталіцы і выстаўляюць адвольныя кошты за свае паслугі. Напрыклад, з’ехаць з аэрапорта каштуе ў іх 500 тысяч рублёў! Прытым што да горада ехаць каля 30 км…

А «п’яны тарыф» ад клуба DoZaRi ў цэнтры Мінска ў спальны раён можа дасягаць 150—200 тысяч — у залежнасці ад выгляду пасажыра і прадстаўнічасці аўтамабіля таксі.

Знайсці каля клубаў, рэстаранаў ці ў тым жа аэрапорце легальнага таксіста, які павязе вас па тарыфах службы, надзвычай складана. Навесці парадак у гэтай галіне дзяржава не рашаецца. Спрыяюць гэтаму і дзіркі ў законах. Транспартная інспекцыя, якая створаная для выяўлення парушэнняў пры перавозках, займаецца толькі легальнымі таксістамі. А з нелегаламі мусіць змагацца падатковая інспекцыя.

Правёўшы спецаперацыю з падсадкай кліента, яна можа ў найлепшым выпадку выпісаць штраф ад 1 да 5 мільёнаў рублёў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.
Такія сумы нелегалаў не палохаюць.

Любы выходны — свята для таксіста

Колькі ж зарабляюць гэтыя няўлоўныя кіроўцы? Вырашаю праверыць гэта на сабе.

8—9 верасня ў Мінску якраз святкуецца Дзень горада. Тысячы мінчукоў вяртаюцца з салюта, многія нападпітку.
А як дабрацца дадому, калі грамадскі транспарт перастане хадзіць?

Выязджаю ў цэнтр горада а 22.00. Удалечыні блішчыць святочны феерверк, а я пачынаю пошукі першага кліента. «Паспрабуй стаць у чаргу каля хлебнага месца, — раіць знаёмы таксіст. — Нелегалаў адтуль звычайна не гоняць. Пастаіш з паўгадзінкі і атрымаеш кліента». Аднак усе папулярныя месцы перапоўненыя таксоўкамі. Каля стэлы «Горад-герой Мінск» з дзясятак машын, на Нямізе — яшчэ сем. Разумею, што станавіцца ўслед за імі неразумна, і пераходжу да іншай стратэгіі, «патрулявання» вуліц.

Чароўная «Спартыўная»

На мінімальнай хуткасці катаюся па крайняй правай паласе вуліц і праспектаў і чакаю ўскінутай рукі пасажыра. І вось першы поспех. Каля станцыі метро «Спартыўныя» мяне знаходзіць першы кліент. «Колькі будзе да вакзала?» — «Колькі заплаціце!» За 6 км дарогі пазітыўны малады чалавек паспявае распытаць пра перспектывы беларускай мовы і нават пра сэнс байкоту. Напрыканцы ён дастае 30 тысяч: «Дастаткова?» У кішэню маглі б пакласціся першыя заробленыя грошы.

Пакуль працуе грамадскі транспарт, шанцаў злавіць пасажыра мала.
Аб’язджаючы раён за раёнам, не бачу ніводнага ахвотніка. Вырашаю вярнуцца на ўдалую дла мяне «Спартыўную». Праз дзесяць хвілін дзверы машыны адкрывае мужчына ў гарнітуры. «На Паўднёвы Захад паедзем?» Нешматслоўны пасажыр не пытаецца пра цану, таму вырашаць, колькі грошай у яго прасіць, даводзіцца ў канцы падарожжа. На адометры 7 км, таму разлічваю яго па тым жа тарыфе, што і першага пасажыра, — 5 тысяч рублёў за кіламетр. Такім чынам, плюс 35 тысяч рублёў маглі б легчы ў касу.

На шляху да Варвары

Рушу далей. У Брылевічах насустрач машыне кідаецца мужчына нападпітку. З яго прамовы можна зразумець, што ён хоча паехаць да вельмі прыгожай дзяўчыны Варвары ў Серабранку, але не можа з’явіцца з пустымі рукамі, таму нам спачатку трэба заехаць у любую краму, якая працуе дапазна. Ідэальны кліент для нелегала! Мужчына не надта арыентуецца ў прасторы, таму яму можна будзе выставіць любы рахунак.

«Як думаеш, яна мяне не выганіць?» — штохвілінна пытаецца ён і сам сабе адказвае: «Выганіць, відаць… Але я ж яе кахаю!» Аказваецца, што пасажыр — а яго клічуць Валерам — творчы чалавек: мастак і фатограф. Ён спрабуе перайсці на беларускую мову, каб зрабіць мне прыемна, але пастаянна вяртаецца на расейскую, каб папрасіць за гэта прабачэння яшчэ раз.

«Наша Ніва»? Дык гэта мой любімы сайт», — прызнаецца ён. Аднак асаблівае захапленне ў яго выклікае беларускае слова «перашкода», якое гучыць дзе трэба і дзе не трэба.
Трапіўшы ў гіпермаркет, ён на паўгадзіны паралізуе працу касы. То бегае абмяняць піцу, то ўзгадвае, што забыўся ўзяць сокі, а ўрэшце ра-зумее, што ў яго не хапае грошай, таму трэба шукаць абменнік.

А палове на другую, наматаўшы 17 км, мы ўсё ж даязджаем да Серабранкі. Аднак браць шмат грошай з Валеры не хочацца. Улічваючы змарнаваны час у гіпермаркеце, можна ацаніць падарожжа ў 120 тысяч. Ён гатовы аддаць гэтую суму і $1 зверху. «Ты не ўяўляеш, якая Варвара прыгожая. Але не падумай нічога такога, мы толькі пачынаем сустракацца!» — кажа ён на развітанне. Усміхаюся ў адказ. Спадзяюся, у іх усё атрымаецца.

Ступень п’янства

Неўзабаве даводзіцца адмовіцца ад кліента. Праязджаючы міма Траецкага прадмесця — добрае месца для пошуку пасажыраў, — спыніўся па ўзмаху рукі маладога хлопца. Ён закрычаў убок:

«Цягніце Серага, тачка ёсць!»
Аднекуль збоку двое яго сяброў павалаклі ўшчэнт п’янага трэцяга, які зусім не трымаўся на нагах. Чакаць, пакуль яго канчаткова ўгайдае ў салоне, а пасля прыбірацца за ім, не хацелася.
Праязджаючы па праспекце Незалежнасці, звяртаю ўвагу на дзясяткі таксовак каля клуба DoZaRi. Яны стаяць на дзвюх палосах праспекта, цалкам ігнаруючы правілы дарожнага руху, і чакаюць багатых кліентаў.
ДАІ на гэтую карцінку заплюшчвае вочы.

А мне ўдаецца падхапіць кампанію, якая выходзіць з клуба ля Камароўкі, — двух цвярозых кавалераў і іх дзвюх дзяўчынак нападпітку. Апошнія хіхікаюць усю дарогу, прычым іх весяліць абсалютна ўсё — ад чырвонага колеру на святлафоры да дажджу за акном. «А давайце разгонімся да 100 кіламетраў!» — просіць мяне адна з дзяўчын. Хлопец асаджае яе: «Не перашкаджай». «Зая, а давай заедзем у начнік, а то ў нас у бары пуста! Ну калі ласачка…» — пераключаецца яна на яго. Кампанія шчабеча ўсю дарогу, таму размовы не атрымліваецца. Адвёз іх на Паўднёвы Захад, за што мог атрымаць 65 тысяч.

Плаціць ці не плаціць?

На суседняй вуліцы новы заказ. Хлопец з дзяўчынай на дыскатэцы патрацілі ўсе грошы і цяпер разважаюць, як ім дабрацца дахаты на Сярова. «За колькі давезяце?» — перамовы вядзе дзяўчына. «Колькі заплаціце!» — «Тады, можа, за 30 тысяч?» — какетнічае яна. Дарога няблізкая, але пагаджаюся, не гандлюючыся. Тлумачу, што праводжу сацыяльны эксперымент. «Дык вы шмат не заробіце, калі самі цану не будзеце называць», — разважае хлопец. «У тым і сутнасць, каб пасажыры самі вызначалі», — тлумачу я.

«А я магу прыехаць і не заплаціць вам ні рубля?» — «Вашае права» — «Прыкольна…»

На гадзінніку тым часам тры гадзіны ночы, і горад нібы вымірае. Да сну пачынае хіліць і мяне. Аб’ехаўшы на ўсялякі выпадак яшчэ некалькі раёнаў, спыняюся на стаянцы, каб падрамаць. Пералічваю ўяўную выручку — пакуль 290 тысяч рублёў. Праз гадзіну рушу далей.

Кліент на кліента не выпадае

Каля «Пушкінскай» да дарогі, галасуючы, выходзіць хлопец. Пакуль збочваю да яго, бачу ў бакавыя люстэркі, што ўслед за мной да яго кінуліся яшчэ дзве машыны. Аднак кліент мой. Яму трэба ва Уручча. Пра цану хоча дамовіцца адразу. «70 тысяч!» — прапаную я. Пасажыр згаджаецца. Едзем моўчкі, неўзабаве ён засынае. Урэшце аказваецца, што яму патрэбна нават крыху далей, у Вайсковы гарадок — агулам 20 км! Але атрымаць ад яго змог бы толькі 50 тысяч, бо іншых купюр у яго няма.

Затое апошні кліент падняў настрой. Колькі каштуе даехаць ад вакзала да Харкаўскай? Пакуль думаю, папрасіць 20 ці 30 тысяч рублёў за 5 км, мітуслівы пасажыр, які вярнуўся з Магілёва, сам прапануе: «За 50 тысяч давезяце?».

Чысты прыбытак — 320 тысяч

Тым часам у сталіцы світае. На вуліцы выязджае грамадскі транспарт, а значыцца, шанцаў знайсці новых пасажыраў у мяне менее з кожнай хвілінай. Таму еду дамоў спаць. У канцы шляху падводжу начную бухгалтэрыю. Такім чынам,

сямёра кліентаў маглі заплаціць мне амаль 400 тысяч рублёў. Калі адкінуць выдаткі на паліва, застаецца 320 тысяч чыстага прыбытку — з невысокімі тарыфамі і адсутнасцю «блату» ў клубах і гатэлях.
Але сапраўдны нелегал менш чым за 50 тысяч не паедзе нікуды, таму і зарабляе больш. Пры поўным бяздзеянні падаткавікоў яны зарабляюць свае паўмільёна, а то і мільён за ноч выходнага дня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?