Ці можна незаконнымі/амаральнымі мэтадамі змагацца за вызваленьне Бацькаўшчыны? Апытаньне «НН»

«У палітыцы не працуюць стандарты маралі»

Пётар Марцаў, выдавец: «Цяжкое пытаньне, на якое няма адназначнага адказу. У палітыцы не працуюць стандарты маралі, якія функцыянуюць у штодзённым жыцьці. З пункту гледжаньня зрынутай улады, любая рэвалюцыя незаконная. І што, мы павінны бязьдзейнічаць? У палітычнай барацьбе магчыма ўсё. Нельга сказаць нешта акрэсьленае па такім філязофскім пытаньні».

«Можна»

Андрэй Федарэнка, пісьменьнік: (Сьмяецца). «Можна. Толькі я больш нічога не скажу».

«Закон можна парушаць»

Уладзімер Мацкевіч, мэтадоляг, палітык: «Сёньня закон супярэчыць праву і маралі. Калі закон становіцца амаральным, то яго можна парушаць. Што датычыць маралі, то я, як хрысьціянін, лічу, што мараль нельга парушаць ні ў якім выпадку».

«Наўрад ці»

Валянцін Акудовіч, філёзаф: «Не. Тое, што дамагаецца амаральным шляхам, рана ці позна ўсё адно адгукнецца. Што датычыць палітычнага імпэратыву, то там ёсьць дзеяньні, якія нам падаюцца амаральнымі, калі, напрыклад, былыя ворагі ўваходзяць у адну кааліцыю, але ўнутры палітыкі яны выглядаюць цалкам нармальнымі. Калі такіх нормаў ня будзе, то палітыка ня зможа функцыянаваць. Маральнасьць у жыцьці і маральнасьць у палітыцы — дзьве абсалютна розныя рэчы. Аднак зьмена ўлады незаконным шляхам наўрад ці можа прывесьці да нечага добрага».

«Можна застацца маральным»

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі: «Амаральна ў палітыцы могуць паступаць толькі амаральныя палітыкі. Маё меркаваньне, што палітыка можа і павінна заставацца маральнай».

«Ні ў маральным, ні ў прагматычным»

Пётра Рудкоўскі, філёзаф, тэоляг: «Лічу недапушчальным. І ў маральным, і ў прагматычным пляне. У маральным з той прычыны, што нехта можа паквапіцца на жыцьцё ці здароўе, якія зьяўляюцца неаспрэчнымі каштоўнасьцямі самі па сабе. У прагматычным, бо нашыя апанэнты атрымліваюць перавагу над намі».

«Гэта фашызм»

Адам Глёбус, літаратар і выдавец: «Ёсьць такі выраз: мэта апраўдвае сродкі. Дык вось — гэта нехарошы выраз. Гэта — фашызм. Калі мы хочам дасягнуць сапраўды сьветлых і чыстых мэтаў, то і сродкі, адпаведна, павінны быць сьветлымі і чыстымі».

«Я заўсёды падтрымліваў Севярынца»

Аляксей Марачкін, мастак: Ні ў якім выпадку. У гэтым пытаньні я заўсёды падтрымліваў Паўла Севярынца, які цьвёрда стаіць на прынцыпах хрысьціянскай маралі. Такіх бы, як Паша, нам паболей, можа б, нешта і зьмянілася».

«Нядоўгатэрміновая пэрспэктыва»

Андрэй Казакевіч, палітоляг: «Не. Такія дзеяньні ня могуць прынесьці карысьці ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Дзейнічаць незаконна ці амаральна можна толькі ў крытычных умовах. У штодзённасьці такой практыцы ня можа быць месца, бо гэта непазьбежна прывядзе да дэградацыі. Такія мэтады барацьбы могуць даць толькі вонкавы эфэкт».

«Быць на баку дабра»

Андрэй Абламейка, грэка‑каталіцкі сьвятар: «З двох ліх нельга выбіраць ні адно, ні другое. Ні большае, ні меншае. Трэба заўжды быць на баку дабра».

«Толькі законныя мэтады»

Аляксандар Кулінковіч, рок‑музыка: «Не. Магчыма, у мяне не ўласьцівая для рокера неэкстрэмальная пазыцыя, але мы мусім выкарыстоўваць толькі законныя мэтады змаганьня. Нават калі закон кепскі, ён усё адно закон, і трэба шукаць законапаслухмяныя шляхі для дасягненьня сваёй мэты. Калі ў краіне няма закону, то адбываецца бардак і анархія. А сёньняшнія краіны ня могуць абысьціся без парадку і законапаслухмянасьці, толькі тады мы зможам дамагчыся свабоды, праўды, справядлівасьці».

«Любыя мэтады» — перажытак мінулага»

Захар Шыбека, гісторык: «Ніколі не падтрымліваў гвалту і амаральнасьці. Сумленнасьць павінна прысутнічаць ва ўсіх сфэрах нашага жыцьця, у тым ліку ў палітыцы, дыпляматыі і г.д. «Любыя мэтады барацьбы» — гэта, ведаеце, перажытак мінулага, як, скажам, кроўная помста ці нешта іншае. Новае пакаленьне беларускіх палітыкаў ня можа сабе дазволіць амаральнасьці ці адсутнасьці законапаслухмянства, бо тады такі стан будзе доўжыцца да бясконцасьці, гісторыя гэта толькі пацьвярджае. Павінны быць пэўныя маральныя стандарты, якія нельга нікому парушаць. Для мяне такім прыкладам у палітыцы зьяўляюцца чэскія прэзыдэнты Масарык і Гавал, якія маральнасьць ставілі на першае месца і, тым ня менш, прышлі да ўлады».

«Сіла духу»

Валер Булгакаў, рэдактар часопісу «ARCHE»: «Моц беларускай апазыцыі заўжды была ў сіле духу, а не ў сумнеўных мэтадах барацьбы. Калі апазыцыя пачынала выкарыстоўваць нейкія мэтады з арсэналу Лукашэнкі, то яна губляла свой твар. Гэта адкідвала яе назад, яна губляла згуртаванасьць сваіх шэрагаў. Сёньняшняя ўлада ўманціраваная ў амаральнасьць, і толькі калі мы будзем моцныя духам, яна падзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?