Грамадства

Масты: што далі гораду «Дажынкі»?

Праз 15 гадоў пасля свята капітальны рамонт горада зроблены наноў.

У 1997 «Дажынкі» праходзілі ў Мастах. Гэта цяпер дзяржава арганізуе штогадовыя шматмільённыя святы, якія кардынальна змяняюць выгляд райцэнтраў, а пасля гадамі вісяць цяжарам на бюджэтах усіх узроўняў, але так было не заўсёды.

Масты: што далі гораду «Дажынкі»?
Масты: што далі гораду «Дажынкі»?Масты: што далі гораду «Дажынкі»?Масты: што далі гораду «Дажынкі»?Масты: што далі гораду «Дажынкі»?

Сціплае свята

Першыя «Дажынкі» ў 1996 экспромтам прымаў Столін. Падрыхтоўка да свята заняла паўтара месяца, а выдзеленых раённым бюджэтам грошай хапіла толькі на касметычны рамонт некалькіх будынкаў. Праз год часу на падрыхтоўку таксама было катастрафічна мала. Упершыню мясцовая раённая газета праанансавала свята толькі ў пачатку ліпеня. І ўжо да сярэдзіны верасня гораду ўдалося асвоіць 15 мільярдаў рублёў. Калі пералічыць у даляры, агулам атрымліваецца каля $500 тысяч. Цяжка параўнаць гэтую суму са $110 мільёнамі, якія трацяць сёлета у Горках.

Памяць пра «Дажынкі»

У Мастах грошы пайшлі на тое, каб аднавіць фасады цэнтральных адміністрацыйных будынкаў і жылых дамоў, пашырыць Савецкую вуліцу, памяняць на ёй асфальт, а таксама прывесці ў прыстойны выгляд аўтастанцыю.

Ці памятаюць мастоўцы «Дажынкі» пятнаццацігадовай даўніны? «Канечне! — расплываецца ў шчаслівай настальгічнай усмешцы бабулька. — Усё тады зрабілі прыгожым, вялікі канцэрт быў. Усе сабраліся на плошчы, нават Лукашэнка прыехаў!» Падобная рэакцыя на ўспамін пра «Дажынкі» і ў маладых людзей, якія сустракалі свята дзецьмі.

Незадаволеных не было, перакананыя яны.

Кіраўнік дзяржавы тады раздаў дванаццаць «Жыгулёў» — па двое на кожную вобласць. Як расказваюць, іх раздача абярнулася канфузам — машыны не прыехалі ў патрэбны час, бо прэзідэнцкая ахова шукала ў іх выбухоўку. Зрэшты, як узгадваюць жыхары, ніхто з мастоўцаў так і не атрымаў ключы ад аўто. З прызоў мясцовым дасталіся толькі тэлевізары, якімі ўзнагародзілі двух кіроўцаў.

Падарунак на пяцігодку

Ад «дажынкавага» рамонту ў Мастах некранутым не засталося амаль нічога, хіба што аднолькавы сайдынг на ўсіх балконах цэнтральных пяціпавярховікаў.

Сайдынг быў пакладзены абыяк, і з гэтым ужо нічога не паробіш. Час ад часу яго падфарбоўваюць, але агульнай карціны гэта не змяняе.

За 15 гадоў горад паспеў перажыць некалькі юбілеяў. А на кожны з іх, згодна з савецкай завядзёнкай, мастоўцы мусяць атрымаць нейкі «падарунак» ад уладаў. Напрыклад, летась, на 525¬годдзе Мастоў, была ўрачыста адкрытая абноўленая аўтастанцыя — папярэдні раз да яе якраз даходзілі рукі падчас «Дажынак». А цяпер прыйшла чарга чыгуначнага вакзала, фактычна адзінага дарэвалюцыйнага будынка ў Мастах. Яго маштабная рэканструкцыя ў поўным разгары.

Па еўрапейскіх стандартах

Аднак самы сучасны будынак у горадзе — мясцовы камунальны гатэль з неарыгінальнай назвай «Масты». Ён выглядае ўзорным, асабліва ў параўнанні з гасцініцамі іншых райцэнтраў.

Падчас «Дажынак» на яго не хапіла ні грошай, ні часу. А адкрыўся ён пасля рэканструкцыі сёлета. Больш за 30 дагледжаных нумароў з новай тэхнікай, мэбляй і санвузламі нясорамна паказаць замежнікам. Па словах адміністратаркі, якая, дарэчы, праходзіла стажыроўку ў аўстрыйскім гатэлі, у буднія дні знайсці свабоднае месца для начлегу бывае складана. Хоць цэны за пражыванне немаленькія. Аднамясцовы нумар каштуе каля 130 тысяч рублёў, двухмясцовы — пад 200 тысяч. А вось за двухпакаёвы люкс для маладажонаў давядзецца аддаць 340 тысяч рублёў. Шкада, што камунальнікі не гоняцца за «зоркамі», іначай бы свае тры зоркі «Масты» маглі б адстаяць.

Ці выжыве пацыент?

У гатэлі часта жывуць камандзіровачныя чэхі і палякі, але найчасцей — немцы, расказвае адміністратарка «Мастоў». Адкуль яны ў горадзе? Рэч у тым, што мясцовае горадаўтваральнае прадпрыемства, кампанія «Мастоўдрэў», будуе новы цэх па вытворчасці драўнянавалакністых плітаў. Абсталяванне тут будзе стаяць нямецкае, таму і працуюць заходнія інжынеры.

Інвестыцыйны праект пацягнуў ажно на 100 мільёнаў еўра, грошы ўскладчыну далі немцы і «Беларусбанк».

Калі і гэта не дапаможа прадпрыемству выйсці на сталы прыбытак, на ім можна будзе фактычна паставіць крыж. У адрозненне ад большасці іншых беларускіх фанерных заводаў і мэблевых фабрык, «Мастоўдрэў» так і не здолеў паказаць вялікую прыбытковасць. Хоць апошнія гады сітуацыя і стала нібыта наладжвацца — летась прадпрыемства зарабіла $400 тысяч, пазалетась — $330 тысяч.

Але з такімі фінансавымі паказчыкамі «Мастоўдрэў», на якім працуе дзве тысячы чалавек, нават саступіў раённае першынство Рагозніцкаму крухмальнаму заводу. Там прадпрыемства, якое плаціць зарплату толькі 50 супрацоўнікам, здолела зарабіць за год $660 тысяч.

Файны млын

Залежнасць горада ад «Мастоўдрэва» працягвае расці. Прадпрыемства набірае новых рабочых, а вось колькасць насельніцтва Мастоў пастаянна змяншаецца. У горадзе жыве каля 16 тысяч чалавек, працаздольных з іх, як і па ўсёй Беларусі, палова.

Успамінамі пра «Дажынкі» падзяліўся і Алесь Зарэмбюк, былы дэпутат Мастоўскага гарсавета, а цяпер кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве: «Рамонтам быў ахоплены ўвесь горад. Як пасля аказалася, ён быў зроблены абыяк, таму і пратрымаўся гадоў пяць. Зрабілі цэнтральную частку горада, але толькі на тых вуліцах, куды павінен быў завітаць Лукашэнка.

Калі ж перайсці на другі бок цэнтральнай вуліцы, дык засталіся брудныя старыя сцены, разбітыя дарогі, ямы і адсутнасць тратуараў.

Праўда, на беразе Нёмана пабудавалі файны млын, які яшчэ доўгія 10 гадоў служыў сцэнай і добрым месцам для мясцовых канцэртаў і ўрачыстасцяў.

Былі і ўлёткі БНФ, былі і амапаўцы, якія расшуквалі, хто распаўсюджваў агітацыйную прадукцыю. Ды і горад перад „Дажынкамі“ размалявалі. Трафарэты ў выглядзе вядомай асобы і асацыяцыя з фігай».

Падазроная песня

«Дажынкі-1997» праходзілі не толькі ў Мастах, але і ў суседніх вёсках. У пошуках некранутага з часоў свята рамонту рушым у каталіцкую Вялікую Рагозніцу, якая нядаўна стала аграгарадком. Тут Лукашэнка адкрываў на «Дажынках» амбулаторыю. Мясцовыя жыхары расказваюць звязаную з гэтым смешную гісторыю.

Лукашэнку сустракалі ўрачыста, вядомай польскай песняй «Нех жые сто лят». Раптам кіраўнік дзяржавы спахмурнеў, напружыўся — не зразумеў польскія словы.

І толькі калі яму растлумачылі, чаго зычаць вяскоўцы, палагаднеў і загаварыў з людзьмі.

А двухпавярховы цагляны будынак стаіць дагэтуль, стаўшы цэнтрам жыцця гэтага паспяховага аграгарадка. Апроч амбулаторыі, месца хапіла сталовай, прадуктовай краме і нават Дому культуры. І тут пра «Дажынкі» ў мясцовых жыхароў засталіся самыя пазітыўныя ўспаміны.

Ягор Марціновіч, Масты—Мінск

Наша Ніва / NN.BY – незалежная газета. Яна існуе на ахвяраванні і грошы з продажаў. Таму яна адлюстроўвае інтарэсы беларускага грамадства, а не дзяржавы. Наша Ніва была заснаваная ў 1906, адноўленая ў 1991.

Ахвяраваць грошы на НН праз WebMoney

Ваша імя (неабавязкова):
Сума (WMB):

Ахвяраваць грошы на НН праз банк

Юзік Крулеўскі напiсаў(ла) 22 верасня 2012 у 20:39
сустракалі ўрачыста, вядомай польскай песняй «Нех жые сто лят». ====================================================== Ну й накаркалі!!! Ці ж можна спяваць такія песні рукавадзіцелю гасударства???
Кузя напiсаў(ла) 23 верасня 2012 у 0:23
Можно. У него жена полька. А вы не знали?
Кветачка напiсаў(ла) 23 верасня 2012 у 9:32
Але пагледзіце на колер кветак на кветніку перад пудзілам Леніна))))
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Апошнія ў рубрыцы

Галоўнае

Дашлі сваю навіну

Самае чытанае

Самае лайканае

Анекдоты

Тэхналогіі

Спорт

Адукацыя

Здароўе

Карысная інфа

Надвор'е

Нерухомасць

Эканоміка

Фінансы

Аўто

Крымінал

Здарэнні

Усяго патроху

Адпачынак

Ежа

Гісторыя

На старонках «НН» 10 і 100 гадоў таму

Архітэктура

Мова

Рэлігія

Літаратура

Кіно

Навука

Прыватныя абвесткі

Падзякі

Афіша Мінск

Афіша Беларусь

З Масквы. Блог Алеся Чайчыца


Загружаецца...

Апошнія навіны

Усе навіны

Курсы валют

23.05 НБ РБ
USD 8690
EUR 11230
RUB 278.5

PDF-версія

23
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31

Гарачыя тэмы

© ПУП «Суродзічы». Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на «НН»
Кантакт з Рэдакцыяй: пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС). Skype: nashaniva
Дызайн сайта ТО «Brama»
www.brama.by
brama.art@gmail.com
Сістэма Orphus RATING ALL.BY