Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, колькасць выпадкаў атручвання грыбамі вырасла з надыходам грыбнога сезона. Найбольшая колькасць пацярпелых зарэгістравана ў Мінску — 36 чалавек.
Выпадкі са смяротным зыходам адзначаліся ў Мінску, Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

Нагадаем, за ўвесь 2011 год у Беларусі ад атручвання грыбамі пацярпела 147 чалавек, двое памерла.

Як адзначаюць у міністэрстве, прычына атручванняў — няведанне відавага саставу грыбоў, ігнараванне правіл іх збору і гатавання.

У Міністэрстве аховы здароўя нагадваюць, што атручванні грыбамі маюць характэрныя прыкметы.
Захворванне, як правіла, пачынаецца раптоўна, праз 3–12 гадзін пасля ўжывання грыбоў. Першыя сімптомы — рэзкі боль у жываце, нястрымныя рвота, панос, слабасць, галаўны боль. У далейшым могуць далучацца такія сімптомы, як сутаргі, галюцынацыі, трызненне. Смяротнасць пры атручванні неядомымі грыбамі дасягае 25–50%.
Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што атручванне можа настаць не толькі ад ужывання атрутных па сваёй прыродзе грыбоў, але і ад умоўна-ядомых, калі не выконваць асноўныя правілы іх гатавання.
Да ўмоўна-ядомых грыбоў адносяцца некаторыя віды сыраежак, свінухі, ваўнянкі, чарнушкі і іншыя.

Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што ў лесе трэба збіраць толькі заведама ядомыя грыбы, адразу іх перабіраць і сартаваць, выкідваючы старыя. Не рэкамендуецца купляць грыбы ў месцах несанкцыянаванага гандлю. Пласціністыя грыбы неабходна купляць толькі з ножкамі, каб, напрыклад, ідэнтыфікаваць бледную паганку, якая мае клубнепадобнае патаўшчэнне ножкі «каўнерык».

Усе грыбы неабходна адварваць, а адвар зліваць. Умоўна-ядомыя грыбы трэба адварваць мінімум двойчы, штораз не менш як 50 хвілін. Абодва разы грыбы пасля варкі трэба прамываць праточнай вадой.

Грыбы нельга ўжываць дзецям да трох гадоў, а таксама людзям з хваробамі печані і абмену рэчываў.

Пры з’яўленні першых сімптомаў атручвання грыбамі неабходна неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?