19 верасня ў Мінску, каля ўваходу на рынак «Маскоўскі» па праспекце Газеты «Звязда», правёў свой чарговы перадвыбарчы пікет кандыдат у дэпутаты парламента ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі артыст Яўген Крыжаноўскі.

У пікетаванні ўдзельнічаў акцёр, пераапрануты ў правадыра сусветнага пралетарыяту.
Крыжаноўскі запрашаў выбаршчыкаў прыйсці на выбары, раздаваў аўтографы, а таксама прапаноўваў паціснуць руку «самому Леніну».
Ільіч ніяк не мог даць рады мегафону.
Назіраючы за марнымі маніпуляцыямі гістарычнай асобы, нейкі пралетар ад душы параіў яму адкласці тэхнічна сродак: «Ды пакінь ты яго — успомні, як з бронецягніка казаў».

Адзін з выбаршчыкаў спрабаваў высветліць у Крыжаноўскага: «Навошта табе, гумарыст, ісці ў парламент?» Іншы паставіў «пытанне рубам»: «Што будзеце рабіць у першую чаргу, калі пройдзеце ў парламент?»

Прэтэндэнт паабяцаў перш за ўсё знізіць зарплату дэпутатам.

У інтэрв’ю БелаПАН Яўген Крыжаноўскі паведаміў, што афіцыйна ўжо ў трэці раз удзельнічае ў парламенцкіх выбарах. «Але гэта, напэўна, самая баявая спроба, — заявіў ён. — Мы стаім на пікетах ужо некалькі тыдняў, абыходзім ўвесь раён. Я стварыў у Паўднёва-Заходняй акрузе народны ўрад самакіравання, які будзе дапамагаць мясцовым уладам».

На пытанне, чаму ён балатуецца ў мікрараёне Паўднёвы Захад, а не на вуліцы Заслаўскай, дзе жыве, артыст-палітык адказаў: «Справа ў тым, што наша партыя вылучыла больш за сто кандыдатаў на гэтыя выбары. І мне дастаўся самы складаны ўчастак, паколькі дзеючы дэпутат павінен мець моцнага суперніка».

Што ж да ўдзелу ў пікеце «Леніна», Крыжаноўскі растлумачыў: «Гэта для перформансу. Я лічу, што выбары — гэта свята, так было заўсёды, нават у савецкія часы. Таму давайце ўсе — на свята, усе — на выбары!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?