Колькасць злачынстваў, звязаных з парушэннем правоў інтэлектуальнай уласнасці і аўтарскіх правоў у Беларусі няўхільна ўзрастае. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Кузняцоў 12 красавіка ў Мінску на брыфінгу для журналістаў.

Паводле яго слоў, калі ў 2001 годзе былі выяўлены адзінкавыя факты такіх правапарушэнняў, то ўжо ў 2006 годзе ў Беларусі было распачата 70 крымінальных спраў за парушэнне аўтарскіх і сумежных правоў, а таксама правоў прамысловай уласнасці, канфіскавана 70 тысяч адзінак кантрафактнай прадукцыі, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 456 асоб.

Як зазначыў А.Кузняцоў, крымінальных спраў было б значна больш, калі б праваўладальнікі звярталіся ў праваахоўныя органы часцей. Чыноўнік МУС таксама не выключыў, што ў Беларусі існуюць цэхі па вытворчасці кантрафактнай прадукцыі, «вядома, не ў такіх аб’ёмах, як у Расіі і ва Украіне, але дастаткова».

Адной з найбольш гучных спраў аб парушэнні аўтарскіх правоў у Беларусі, якой займаўся аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, спецыяліст назваў справу аб абароне аўтарскіх правоў расійскага спевака Юрыя Антонава. У 2006 годзе спявак напісаў заяву ў дачыненні да чалавека, які размяшчаў у інтэрнеце аўдыёзапісы без згоды аўтара. Падчас расследавання парушальнік быў выяўлены і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?