Дыск дзіўнаватых беларускіх рокераў, якія ўжо дваццаць гадоў хаваюцца ў глыбокім падпольлі, паказваючыся на сьвет раз на два гады з новым дыскам і выступам на «Басовішчы».ŽV так і ня стаў у адзін шэраг з грандамі белроку — ці то праз адсутнасьць жаданьня, ці то з уласных перакананьняў. Хоць і меў на тое заўсёдны патэнцыял. Кожны іх альбом не падобны да папярэдняга. Аднак «Distortion» можна параўнаць з папярэднім «Каінам» — ад сваёй музычнай і паэтычнай разважлівасьці ŽV не адышоў ні на каліва. Доўгія гітарныя сола, маса дапаможных гукаў і ўдумлівыя тэксты Скрыпы ствараюць адмысловую псыхадэлічнасьць, характэрную ў нашай музыцы хіба яшчэ «Ўлісу». Прыкладам, адзін з самых адметных трэкаў з дыску — «Distortion» (з прыпевам «Паўстань, паўстань!») нагадвае ранейшы гіт «вазаў» — «Лякарня».

Толькі ёсьць адно «але»: лідэр гурту Скрыпа аддаў усе галоўныя вакальныя партыі дыску — cьпявачцы. Рэзка зьмяніліся акцэнты ў музыцы і паэзіі гурту (уяўляеце, каб замест Вольскага ў N.R.M. дзяўчына засьпявала?). Экспэрымэнт сьмелы, нечаканы, але ці патрэбны? Тым больш што тая ж вакалістка Вольга Самусік яшчэ і ў Tarpach сьпявае. Голас Скрыпы цяжка было назваць выбітным, але ён быў пазнавальны. У выпадку з Самусік — усё наадварот. Падаецца, што разам з гэтым увядзеньнем ŽV згубіў адну з сваіх разынак.

Варта не забывацца пры праслухоўваньні альбому, што ŽV — па‑за музычнаю модаю. Таму вас чакаюць пэрыядычныя гукавыя, паэтычныя і музычныя адсылкі ў 70—80‑я гады мінулага стагодзьдзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?