Адзін, два, тры, чатыры, пяць… Усё, беларускія тэлеканалы скончыліся. Застаўся толькі тэлеканал «Мір» (пра яго будзе асобная гаворка) ды расейскія каналы, пісаць пра якія не выпадае. Але ёсьць яшчэ надзея ў беларускага гледача! Увосень абяцае пачаць трансьляцыі з Польшчы спадарожнікавы канал «БЕЛСАТ».

Газэта «Салідарнасьць» нядаўна паведаміла некаторыя падрабязнасьці. Канал будзе вяшчаць 15 гадзінаў у суткі. Абяцаюць паказваць і «Навіны дня», і ўласныя праграмы — у тым ліку «Беларусь, Беларусь» з удзелам палітычных экспэртаў, «Пад знакам Пагоні» (гістарычная), «Хто ёсьць хто ў Беларусі», «Студэнцкая думка», «Незалежная сцэна», «Агляд незалежнай прэсы». Усяго ажно 17 праграм. Ёсьць ад чаго прыйсьці ў захапленьне. Тым больш, мяркуецца, што праграмы будуць весьці беларускія журналісты па‑беларуску. А навіны будуць рабіцца на відэаматэрыялах, атрыманых зь Беларусі. Галоўная задача канала — забясьпечваць жыхароў нашай краіны аб’ектыўнай інфармацыяй.

Чаго яшчэ больш жадаць? Вось толькі пытаньняў узнікае шмат. І галоўныя зь іх — два.

Па‑першае, якім чынам будуць здымацца ў Беларусі тыя самыя відэаматэрыялы? Няўжо, на канале разьлічваюць атрымаць афіцыйную акрэдытацыю ў беларускім МЗС? Нешта ня верыцца, калі ўспомніць пра выпадкі дэпартацыі польскіх ды й расейскіх тэлежурналістаў, якія здымалі ня тое, што хацелася ўладам (пазачарговы Зьезд Саюзу палякаў, да прыкладу). А што будзе зь беларускімі грамадзянамі, заўважанымі ў незаконных з гледзічша ўладаў відэаздымках?

Ёсьць прыклад перадачы «Акно ў Эўропу» на канале RTVI, таксама створанай дзеля вяшчаньня на Беларусь. Ніхто зь беларускіх карэспандэнтаў дагэтуль не адважыўся зьявіцца ў кадры — ні ў Менску, ні ў маскоўскай студыі канала. І гэта цалкам зразумела.

Не зразумела іншае. На каго разьлічана вяшчаньне новага спадарожнікавага канала? На ўладальнікаў спадарожнікавых «талерак», якія ў Беларусі маюць каля 7% аўдыторыі? Дык і тут улады ў выпадку патрэбы дадуць сабе рады. Магчыма, да татальнай канфіскацыі прыватных спадарожнікавых антэнаў, як у Іране, і ня дойдзе. Але ў Беларусі напэўна абавяжуць уладальнікаў талерак узгадняць іх усталяваньне зь мясцовымі чыноўнікамі (а раптам тыя антэны псуюць выгляд фасадаў, ці парушаюць тэхніку бясьпекі, ці яшчэ нешта). Такія захады пачаліся ўжо ў Горадні, іншых гарадах. Дастаткова будзе аштрафаваць аднаго‑двух «парушальнікаў», і астатнія законапаслухмяныя грамадзяне РБ здымуць свае талеркі добраахвотна.

І, нарэшце, самае важнае. Ці ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў — гэта менавіта тая аўдыторыя, якая найбольш патрабуе аб’ектыўнай інфармацыі й ведаў пра Беларусь? Дарэчы, цікава было б ведаць, чым так радыкальна будуць адрозьнівацца перадачы па гісторыі Беларусі на «БЕЛСАЦЕ» ад неблагіх перадач на дзяржаўным тэлебачаньні — такіх, як «Новае падарожжа дылетанта», напрыклад, ці дакумэнтальны сэрыял пра Касьцюшку? Нехта можа сказаць — ня трэба бурчэць да пары. Вось выйдзе новы канал у этэр, тады й паглядзім. Але, на жаль, мы ўжо маем даволі сумны досьвед пашырэньня радыёвяшчаньня на Беларусь з‑за мяжы — на «Дойчэ вэле», напрыклад, ад якога ўсім мірам давялося дамагацца, каб яно загаварыла хоць троху па‑беларуску. Потым зьявіліся польскія радыёстанцыі на дыяпазоне ФМ. Кожнага разу на вяшчаньне з‑за мяжы ўскладаліся вялікія спадзевы. Але колькасьць слухачоў незалежных радыёстанцыяў заўважна, у разы, не павялічылася.

Яно зразумела — чым болей будзе незалежных каналаў, харошых і розных, тым лепей. Але яшчэ лепей было б, каб незалежная прэса захавалася ў самой Беларусі. Магчыма, на «БЕЛСАЦЕ» зараз проста куюцца журналісцкія кадры для будучай вольнай беларускай прэсы. Што ж, і на тым, як кажуць, дзякуй.

Максім Пешка, Газэта «Свабода»

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0