22 верасня праезд у грамадскім транспарце ў Магілёве і Брэсце будзе бясплатным пры прад'яўленні вадзіцельскага пасведчання.

Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Панцялеева, такое рашэнне прынялі мясцовыя ўлады ў падтрымку правядзення ў Беларусі Дня без аўтамабіля. У Бабруйску ў гэты дзень вырашана зрабіць бясплатным праезд у тралейбусах. У Мінску ў падтрымку акцыі ў парку Горкага пройдзе велапрабег з удзелам супрацоўнікаў ДАІ, прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі і грамадскіх аб'яднанняў.

Дзень без аўтамабіля 22 верасня ў Беларусі праводзіцца пяты год. Усіх вадзіцеляў у гэты дзень заклікаюць адмовіцца ад выкарыстання асабістых аўтамабіляў і пры неабходнасці перамяшчацца на грамадскім транспарце. Мэта акцыі — звярнуць увагу насельніцтва на вялікую экалагічную праблему гарадоў — якасць атмасфернага паветра.

Доля аўтатранспарту ў сумарных выкідах забруджваючых рэчываў у атмасферу Беларусі дасягае 72%. У склад выкідаў уваходзяць такія таксічныя кампаненты, як вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокіслы серы, злучэнні цяжкіх металаў. Некаторыя з гэтых рэчываў, напрыклад цяжкія металы і асобныя хлорарганічныя злучэнні, стойкія арганічныя забруджвальнікі, назапашваюцца ў прыродным асяроддзі і ўяўляюць сур'ёзную пагрозу як для экалогіі, так і для здароўя людзей.

Акцыя ўпершыню прайшла ў 1997 годзе ў французскім горадзе Ла-Рашэль, пасля да яе далучыліся іншыя гарады Еўропы. Толькі за адзін дзень правядзення акцыі ў Беларусі прадухіляецца выкідванне ў паветра як мінімум 250 тон забруджваючых рэчываў.

Летась акцыю падтрымалі ад 13% да 24% насельніцтва ў розных рэгіёнах Беларусі. Колькасць аўтамабіляў на дарогах знізілася ад 8% да 18%. Знізіліся аб'ёмы спажыванага паліва да ўзроўню таго ж дня тыднем раней, у прыватнасці бензіну — на 12,3%, дызельнага паліва — на 10,4%. Было прадухілена выкідванне забруджваючых рэчываў у атмасферу ў аб'ёме каля 300 тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?