Камэнтуе Барыс Тумар.

Прэс-канфэрэнцыя А.Лукашэнкі мае важную ролю — яна дэманструе грамадзянам, што ў нас ёсьць апазыцыйная прэса, што ў нас ёсьць свабода слова, што ў нас ёсьць падзел уладаў і кампэтэнцый. Напраўдзе ў Беларусі даўно ў сутнасьці няма ні таго, ні другога, ні трэцяга. Затое маем старанна памаляваны фасад. І важную для легітымацыі рэжыму частку гэтага сымулякру стварае так званая незалежная прэса. «Так званая», таму што абмежаваная самацэнзурай, забаронай распаўсюду, недаступная 97% насельніцтва, зьведзеная да мізэрных тыражоў, але нават і гэтага падалося мала — выціснутая ў неправавое поле, пакінутая існаваць у ім на страх і рызыку выдаўцоў і аўтараў, бо ўлады разумеюць, што гэта самы эфэктыўны спосаб кантролю за прэсай і, дазвольце некарэктную мэтафару, русіфікацыі яе мэнтальнасьці — я маю на ўвазе тут ня мову, а ператварэньне паўнапраўнага грамадзяніна ў бяспраўнага, зашуганага халопа.

Няможна вінаваціць прэсу — яна якраз-такі ў гэтых умовах, з апорай на патрыётаў-чытачоў, робіць немагчымае, часам на мяжы геройства.

Прэс-канфэрэнцыі з Лукашэнкам — гэта ўсяго толькі момант, кароткі эпізод безабароннага жыцьця па-за законам. Журналісты пастаўленыя ў псыхалягічныя ўмовы, калі ім бясконца цяжка гаварыць сваім языкам, калі няма як нармальна рэагаваць.

Скажам, у чацьвер Лукашэнка абвінаваціў незалежныя газэты, што яна пішуць горш, чым «Маскоўскі камсамолец», бязглудзьдзіцу, парушаюць закон, пісалі, што ў кіраўніка дзяржавы быў запой. Цяжка адказваць на агульныя абвінавачваньні. Але цікава было б спытацца ў аўтара выказваньняў, у якіх канкрэтна газэтах пісалі пра запой? Дык вось, задаваць падобнага кшталту канкрэтныя пытаньні на падобных сустрэчах не ўдаецца.

Пасьля папярэдняга гэткага шоў многія журналісты напісалі, што на прэс-канфэрэнцыі папросту няма сэнсу хадзіць, бо ты ствараеш ілюзію пытаньняў, а напраўдзе ўдзельнічаеш у зрэжысіраваным сэансе прамываньня мазгоў.

Вы так кажаце, бо вас ня клічуць, — падумаў сабе хтосьці з запрошаных. А мы ганарымся, што нас ня клічуць, у нашай сытуацыі гэта высокая ацэнка, — пярэчылі крытыкі.

Так ці інакш, рэдактары абраных СМІ зноў вырашылі: варта.

Думаю, мэтр беларускай прэсы Іосіф Сярэдзіч ведае, што робіць, і мае рацыю, калі прымае такія выклікі, нават калі цябе запрашаюць на піяр-акцыю дыктатуры.

Ёсьць сэнс ва ўсім тым, што робіць наша жыцьцё нармальнейшым — больш адпаведным нашым чаканьням ад яго. Ёсьць сэнс у тым, каб прэс-канфэрэнцыі былі. Ёсьць сэнс у тым, каб у іх бралі ўдзел усе ахвотныя. Ёсьць сэнс у тым, каб пытаньні задаваліся і на іх гучалі адказы. З учарашняга шоў разумны слухач шмат чаго пачарпнуў.

Што БелаПАН “ня вельмі кепскае агенцтва”.

Радыё — гэта “вельмі моцныя абавязацельствы”.

Закон мае адно дзеяньне для Якубовіча, і другое — для Ліпая.

Усе роўныя, але ёсьць раўнейшыя.

Кіраўнік дзяржавы жыве ў сьвеце, створаным такі, намі, незалежнымі СМІ, хоць для грамадзянаў старанна малюецца іншая карціна сьвету.

Усё рацыянальнае варта. Прыкрасьць выклікаюць тыя моманты ў нашых паводзінах, якія не набліжаюць беларускую рэчаіснасьць да нармальнасьці. Каб ня шкодзіць самому сабе, каб не складаць у спажыўцоў нашай інфармацыйнай прадукцыі памылковых уражаньняў, трэба кожнаму з нас дзейнічаць у адпаведнасьці з законамі жанру, у гэтым выпадку, прэс-канфэрэнцыі.

Журналіст не павінен на прэс-канфэрэнцыі нечага прасіць. Прэс-канфэрэнцыі існуюць не для таго. Яны існуюць, каб задаваць пытаньні. Які пусты ў сэнсе атрыманага матэрыялу, але пры гэтым прынізьлівы для прафэсійнага гонару і рэпутацыі вынік мелі тры пытаньні-просьбы недзяржаўных рэдактараў. І які бліскучы журналісцкі матэрыял сп.Сярэдзіч атрымаў з адзінага пытаньня-пытаньня: аб пераемніку.

Чаму так? Яшчэ й таму, што постсавецкія палітыкі лепш за прафэсійныя кодэксы і, на жаль, нават лепш за Канстытуцыю, дагэтуль разумеюць іншы кодэкс, які зводзіцца да квінтэсэнцыі: ня вер, ня бойся, не прасі. Гэта, дарэчы, і самая адэкватная стратэгія выжываньня ў стане бяспраўнасьці і безабароннасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?