Пахаванне актывісткі апазіцыі, каардынатара кампаніі «Наш дом» Крысціны Шацікавай пройдзе 23 верасня ў другой палове дня ў вёсцы Дубінка Магілёўскага раёна.

«Яна ўжо знаходзіцца ў Дубінцы і будзе пахаваная на дубінскіх могілках», — расказаў бацька Крысціны Валерый Шацікаў. Ён патлумачыў, што яны родам з гэтай вёскі.

Бацькі памерлай актывісткі маюць намер аформіць апякунства над сваімі ўнукамі — 14-гадовым Ягорам і 16-гадовым Мікітам,
аб гэтым паведаміла яе маці Святлана Шацікава. «Дзеці вельмі самастойныя, вельмі добрыя, вучацца добра, і паводзіны добрыя, і спартсмены, і людзі добрыя. Яны не прападуць, а мы апекунамі хочам быць. Нам сказалі, што мы зможам імі стаць. Нікуды дзяцей я не аддам ніколі», — расказала маці Крысціны.

Яна паведаміла, што

з бацькам дзяцей, сваім былым мужам, Крысціна развялася ў 2001 годзе, а з 2004 года ён спыніў плаціць аліменты.

Паводле слоў Святланы Шацікавай, аднадумцы Крысціны аказваюць вялікую дапамогу ў арганізацыі пахавання. «Яны мне вельмі дапамагаюць — завезлі, прывезлі. Падтрымка ідзе», — сказала жанчына.

У той жа час яна адзначыла, што пры жыцці дачкі яе палітычная актыўнасць асуджалася аднавяскоўцамі. «Тое, чым яна займалася, асуджалі ў вёсцы. Самі ведаеце, менталітэт. Хацелася б, каб былі на пахаванні і памінках яе сябры, а тут як назло ўсе тэлефануюць, кажуць «мы не можам, мы на гэтых выбарах, сядзім, пішам», — кажа маці памерлай актывісткі.

Нежаданне перанесці пахаванне на панядзелак, 24 верасня, яна растлумачыла рэлігійнымі матывамі.

Крысціна Шацікава памерла 21 верасня ў магілёўскім хоспісе на 38-м годзе жыцця. Напярэдадні смерці яна ўпала ў кому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?