Інтэрнет‑супольнасць «Трэці шлях», распрацоўшчык сайта экс‑кандыдата ў прэзідэнты лідэра Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна, заблакавала працу рэсурсу. Паведамленне аб гэтым размешчана як на сайце А.Казуліна, гэтак і на сайце супольнасці «Трэці шлях».

«Трэці шлях» абвінавачвае кіраўніцтва сайта апазіцыйнага палітыка ў адпраўцы лістоў «ананімных супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі, патрыётаў Беларусі», якія неаднаразова з’яўляліся ў інтэрнеце.

«Як вядома, з 3 сакавіка 2006 года да 11 красавіка 2007 года ў інтэрнеце было апублікавана шэсць лістоў, падпісаных «Патрыёты Беларусі, супрацоўнікі Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі». Безумоўна, усе лісты былі фальшыўкамі <...>. Тым не меней лісты «чэкістаў, якія раскаяліся», працягвалі з’яўляцца», — гаворыцца ў паведамленні «Трэцяга шляху».

Таксама ў ім зазначаецца, што ў сакавіку 2007 года ў сетцы з’явілася інтэрв’ю палітолага Андрэя Суздальцава, які звярнуўся да ўладальнікаў беларускіх сайтаў з заклікам не размяшчаць калектыўных ананімак. Аднак не прайшло і трох тыдняў, як новая, сёмая, ананімка з’явілася ў беларускім інтэрнеце. Адзіным сайтам, які размясціў гэтую фальшыўку, быў сайт kozylin.сom. Рэальна сайтам кіруе адзін чалавек — адвакат Алег Волчак, былы пагранічнік, юрыст. «Можна сказаць, што аўтар ананімак выдаў сябе сам», — гаворыцца ў паведамленні.

«Пасля кароткай нарады тэхнічная група «Трэцяга шляху», якая ажыццяўляе тэхнічнае забеспячэнне сайта kozylin.сom, валодае гэтым даменам, хостынгам і праграмным забеспячэннем, прыйшла да высновы, што сайт экс‑кандыдата ў прэзідэнты, які знаходзіцца ў турме, цяпер захоплены прайдзісветамі і вырабляльнікамі фальшывак, што рэальна кампраметуе барацьбу А.Казуліна. <...> Мы адключылі Алега Волчака і яго каманду ад кіравання сайтам», — паведамляе «Трэці шлях».

«Я спакойна, горда і ўпэўнена стаўлюся да такіх абвінавачанняў, — пракаментаваў БелаПАН гэтую сітуацыю А.Волчак. — Калі ў Вярхоўным судзе разглядаюць скаргі Казуліна і яго адвакатаў, калі я пастаянна падаю скаргі на дзеянні следчых, супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуры, улада не можа глядзець на гэта спакойна. І шляхам пагроз, шантажу неяк паўплывалі на гэтых хлопцаў. Няхай гэта застанецца на іх сумленні».

А.Волчак катэгарычна заявіў, што ён не пісаў ніякіх ананімных лістоў. «У мяне не так шмат часу, каб нават з сям’ёй бачыцца. Пастаянныя скаргі, грамадзянскія, адміністрацыйныя справы, абарона Казуліна, інфармацыйная і міжнародная дзейнасць. Садзіцца за аналітычную працу ў мяне проста часу няма: у сутках, на жаль, не 30 гадзін», — заявіў А.Волчак.

Паводле яго слоў, прэс‑служба А.Казуліна будзе ствараць новы сайт. «Гэтае пытанне ўжо вырашана. Адзінае, шкада, што нас на два тыдні выбілі з каляіны», — сказаў А.Волчак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?