Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ гатова працаваць з беларускімі ўладамі над вырашэннем шэрагу існуючых у краіне праблем. Пра гэта заявіў кіраўнік БДІПЧ Янэз Лянарчыч, які прыбыў у Мінск на парламенцкія выбары.

«Ёсць праблемы, на якія, я мяркую, Беларусі варта звярнуць увагу», — сказаў палітык. Ён зазначыў, што некаторыя палітыкі вырашылі зняць свае кандыдатуры з парламенцкіх выбараў, хтосьці — не быў зарэгістраваны, а некаторыя — не змаглі балатавацца, таму што знаходзяцца ў турме. «Усе гэтыя фактары садзейнічалі скарачэнню магчымасцей выбару», — мяркуе кіраўнік БДІПЧ.

Лянарчыч зазначыў, што паводле рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ ў выбарчым заканадаўстве Беларусі адбыліся некаторыя пазітыўныя змены.
Ён прывітаў гэтыя змены, назваўшы «станоўчым развіццём» той факт, што «на гэты раз балатуецца больш партыйных кандыдатаў, чым у 2008 годзе».

Разам з тым, падкрэсліў Лянарчыч, тое, што доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ бачылі ў мінулыя тыдні, у многім было падобна на парламенцкія выбары-2008.

«Мы мяркуем, што неабходна ўважліва глянуць на сітуацыю з выбарчым заканадаўствам, рэгістрацыяй кандыдатаў, магчымасцямі для правядзення кампаній, з сумленнасцю датэрміновага галасавання», — падкрэсліў кіраўнік БДІПЧ.

Паколькі 23 верасня — асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах, Янэз Лянарчыч устрымаўся ад ацэнак менавіта гэтага дня. Ён толькі выказаў надзею на тое, што «выбарчыя камісіі арганізуюць падлік галасоў сапраўды празрыстым чынам, каб назіральнікі, уключаючы міжнародных, змаглі назіраць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?