Матэа Мекачы, кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ, злева, і Антоніа Мілашоскі, кіраўнік місіі назірання за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ.

Матэа Мекачы, кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ, злева, і Антоніа Мілашоскі, кіраўнік місіі назірання за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ.

Выбары ў Беларусі не былі бесстароннімі, што падрывае давер да выбарчай кампаніі — такая сутнасць папярэдняга даклада Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ.

Даклад прэзентаваны 24 верасня на брыфінгу ў Мінску. Канчатковы даклад назіральнікаў АБСЕ плануецца падрыхтаваць на працягу двух месяцаў.

«Шматлікія абавязацельствы ў межах АБСЕ па дэмакратычных правах грамадзян на свабоднае вылучэнне кандыдатаў і магчымасць свабодна выказваць меркаванне не былі выкананыя», — гаворыцца ў прэзентаваным дакладзе.

«Выбары не праводзіліся бесстаронна, а працэс падачы скаргаў і апеляцый не гарантаваў эфектыўнага сродку абароны», — адзначаюць назіральнікі.

«Выбары не былі канкурэнтаздольнымі з самага пачатку, — заявіў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы.
— Свабодныя выбары залежаць ад магчымасці людзей свабодна гаварыць, свабодна арганізоўваць і балатавацца, чаго мы не ўбачылі падчас гэтай кампаніі».

Разам з тым ён падкрэсліў: «Мы па-ранейшаму гатовы працаваць з Беларуссю па прыняцці далейшых неабходных захадаў, што ў нашых агульных інтарэсах».

У сваю чаргу кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Антоніа Мілашоскі адзначыў: «Адсутнасць нейтралітэту і бесстароннасці з боку выбарчых камісій сур’ёзна падрывае давер грамадства да гэтага працэсу.
Грамадзяне павінны быць упэўненыя ў тым, што іх галасы сумленна падлічаныя. Недахоп выразных працэдур падліку і магчымасцяў для назіральнікаў назіраць за гэтым, каб пацвердзіць вынікі, выклікаюць сур’ёзную трывогу».

Назіральнікі ад АБСЕ таксама адзначаюць: «Нягледзячы на рост ліку кандыдатаў ад палітычных партый, вядомыя палітычныя фігуры, якія маглі сыграць сваю ролю, або заставаліся ў турме, або не былі зарэгістраваныя з прычыны наяўнасці крымінальных спраў».

Акрамя таго, паводле меркавання назіральнікаў, «нягледзячы на некаторыя паляпшэнні выбарчага заканадаўства ў 2010 і 2011 гадах, заканадаўчыя межы ўсё яшчэ не гарантуюць правядзенне выбараў у адпаведнасці з абавязацельствамі ў межах АБСЕ і міжнароднымі стандартамі».

«Выбарчая кампанія была ледзь прыкметная на працягу ўсіх чатырох тыдняў, — гаворыцца ў дакладзе.
— Нягледзячы на тое што Канстытуцыя гарантуе ўсім права на свабоду самавыяўлення і ў краіне дастатковая колькасць СМІ, асвятленне кампаніі не дэманстравала шырокі дыяпазон поглядаў. Кандыдатам, якія заклікалі да байкоту, было адмоўлена ў свабодным доступе да медыя, або іх выступленні зведалі цэнзуру. СМІ канцэнтраваліся на прэзідэнце і ўрадзе з вельмі малой увагай да кандыдатаў у дэпутаты».

У дакуменце таксама адзначаецца: «У той час як папярэдняе галасаванне і галасаванне ў дзень выбараў характарызаваліся пазітыўна, працэс значна пагоршыўся падчас падліку галасоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?