Гэты юнак мае поўнае права на ганаровае званне Героя Беларусі.Ён быў родам з вёскі Касута Вілейскага раёна. Ягоны бацька там служыў праваслаўным сьвятаром.
У 1948-1950 гадах Лапіцкі з сябрамі стварылі антысавецкую падпольную арганізацыю, якая распаўсюджвала ўлёткі за незалежнасць і з крытыкай сталінскіх злачынстваў. Яна пратрымалася некалькі гадоў, пакуль на яе след не выйшла савецкая дзяржбяспека. У 1950 годзе група была раскрытая. Допыты, катаванні — і прысуд.
Група ставіла сваёй задачай дабіцца незалежнасці Беларусі, што разглядалася савецкім рэжымам як асаблівае злачынства.Удзельнікаў адправілі гніць у канцлагеры, а кіраўнікі — Расціслаў Лапіцкі ды Факунда Несцяровіч — былі асуджаныя на расстрэл. Несцяровіч напісаў прашэнне аб памілаванні, і расстрэл яму замянілі зняволеннем. Расціслаў пісаць прашэнне адмовіўся. Яго расстралялі ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі. Было яму тады 22 гады.
У Касуце захавалася хатка Лапіцкіх. Больш пра Расціслава Лапіцкага ў кнізе: Міхась Чарняўскі. Як пошуг маланкі. — Мінск: Тэхналогія, 2006.
1 верасня, на дзень нараджэння Лапіцкага, на сядзібах беларускіх суполак у РБ і за межамі адбыліся акцыі памяці.
У Смаргоні акцыя памяці Лапіцкага скончылася затрыманнямі мастакоў і жыхароў горада. Сярод затрыманых быў і мастак Алесь Пушкін. На 24 верасня быў прызначаны суд над ім.