Увечары 24 верасня ў Гродне на 89-м годзе жыцця памёр Мікалай Мельнікаў, былы выкладчык літаратуры ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, стваральнік грамадскага музею Васіля Быкава, удзельнік Другой Сусветнай вайны, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй.

Мікалай Мельнікаў выкладаў у Гродзенскім універсітэце філалогію. Пазней ён стварыў дэмакратычную ветэранскую арганізацыю і грамадскі музей Васіля Быкава.

Сам спадар Мельнікаў паходзіць з Чавускага раёна на Магілёўшчыне.

У маі 2006 Мікалай Мельнікаў апублікаваў аўтабіяграфічныя ўспаміны. Аўтар пісаў пра тое, як у 30-я гады «раскулачылі» іх сям’ю, і яго разам з бацькамі саслалі ў лагер у Валагодскую вобласць.

Сваю кнігу ён назваў «Адчай, боль і горыч».

Кніга — пра гвалт у адносінах да вялікай працавітай сялянскай сям’і, пра рабаўніцтва ўладамі яе гаспадаркі. Мельнікавых вывозілі ў канцлагер таварным эшалонам, куды сагналі людзей з усяго Чавускага раёна, чые хаты задарма забірала новая ўлада. Самае ўражлівае ў гэтым сэнсе месца ва ўспамінах, калі дыхтоўную хату аднаго з родных Мікалая Мельнікава рассыпалі, перавезьлі, ды так і не склалі назад, усё згніла.

Сёлета 11 траўня ў Гродне Мікалаю Мельнікаву была ўручаная прэмія імя Алеся Адамовіча.

«Прэмія ўручаецца штогод Беларускім ПЭН-цэнтрам за сумленнае слова, за публіцыстыку. Часцей за ўсё яе атрымліваюць пісьменнікі, публіцысты, журналісты. Мікалая Мельнікава ўганаравалі — за доўгую плённую дзейнасць па захаванні гродзенскай спадчыны Васіля Быкава», — сказаў старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?