Кандыдат у дэпутаты, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віктар Цярэшчанка будзе патрабаваць перавыбараў па Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе № 29.
Пра гэта ён заявіў уБелаПАН.

Паводле слоў Цярэшчанкі, ён будзе патрабаваць перавыбараў на падставе наяўных у яго распараджэнні доказаў фальсіфікацыі вынікаў галасавання. З такім патрабаваннем ён мае намер звярнуцца ў Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, а таксама ў Генеральную пракуратуру Беларусі.

Як паведаміў Цярэшчанка, Шаркаўшчынская выбарчая акруга ўключае тры раёны Беларусі: Браслаўскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі. «Пачнём з таго, што кандыдатам у дэпутаты там вылучаўся і стаў дэпутатам старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Мечыслаў Морхат. Яго даверанымі асобамі былі начальнік аддзела адукацыі Пастаўскага раёна і начальнік аддзела ідэалогіі Браслаўскага раёна. Гэта значыць, уся выканаўчая ўлада была задзейнічаная на перамогу Морхата», — лічыць Цярэшчанка.

Ён таксама адзначыў, што яму перашкаджалі ў правядзенні агітацыі. «Я планаваў сустрэцца з некаторымі працоўнымі калектывамі. Кіраўнікі гэтых калектываў мне прама сказалі, што не могуць праводзіць такую сустрэчу,

паколькі ім прама сказалі: калі сустрэчы адбудуцца, з імі не будзе прадоўжаны кантракт. Тое ж самае датычылася і сустрэч з выбаршчыкамі: кіраўнікі прадпрыемстваў заяўлялі мне, што ім пагражаюць звальненнем, калі работнікі іх прадпрыемстваў з’явяцца на сустрэчах. У выніку на іх прыходзілі толькі пенсіянеры або актыўныя апаненты ўлады з апазіцыйных палітычных партый», — заявіў Цярэшчанка.

Паводле слоў Цярэшчанкі, у яго ёсць дакладныя даныя ад членаў участковых камісій аб тым, што выбары былі сфальсіфікаваны, а таксама аўдыя- і відэазапісы працэсу фальсіфікацыі вынікаў галасавання. «На адным з відэазапісаў бачна, як старшыня ўчастковай камісіі пасля распячатвання скрыні і пачатку падліку галасоў падмяняе бюлетэні, пададзеныя за мяне, на бюлетэні за Морхата», — сказаў Цярэшчанка.

«Я адказна заяўляю, што вынікі выбараў па 29-й Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе былі сфальсіфікаваныя, а выбарчы працэс прайшоў з парушэннямі заканадаўства», — сказаў Цярэшчанка.

Палітык патрабуе, каб па выбарчай акрузе прайшлі перавыбары ў адзін дзень галасавання, з 8 да 20 гадзін вечара. «Калі я на працягу аднаго-двух дзён пасля падачы заявы не атрымаю ад ЦВК і Генпракуратуры выразнага адказу на сваю прапанову, ці атрымаю адпіску, я выкладу ўсе наяўныя ў мяне відэаматэрыялы, аўдыёматерыялы і доказы фальсіфікацыі выбараў у інтэрнэт. Хай свет палюбуецца, як праходзілі гэтыя «выбары», — заявіў Цярэшчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?