Рэаліі Крыма. Фота Сямёна Печанко.

Рэаліі Крыма. Фота Сямёна Печанко.

«Ну як там твая пенсія, вырасла?» — «Вырасла, а што толку? Пройдуць выбары — ізноў абрэжуць, ці цэны падымуць».
Размову дзвюх пенсіянерак я падслухаў не ў Заслаўі, ці Мінску, а ў адным з курортных гарадкоў Крыма. За тыдзень адпачынку такія сцэны паўтараліся неаднойчы. І іх яднала адно: у голасе людзей чулася выразная апатыя і нават асуджанасць. Маўляў, палітыкі робяць што захочуць, і нас не пытаюць. Гэтай сваёй абыякавасцю ўкраінцы ўсё больш нагадваюць бязмерна цярплівых беларусаў. І падобная паралель з нашай краінай тут не адзіная.
Сённяшняя Украіна робіцца ўсё больш падобнай да Беларусі ўзору канца 1990-х — пачатку 2000-х.
Колішні прэм’ер Юлія Цімашэнка сядзіць у турме — прывітанне Міхаілу Чыгіру. Украінскую апазіцыю мясцовая прэса ўсё часцей называе разгромленай, а спробы аб’яднацца і пайсці на «рэгіяналаў» адзіным фронтам успрымаюцца з вялікай доляй скепсісу.
Апазіцыя ў сваю чаргу скардзіцца на звужэнне доступу да СМІ,
на няроўныя ўмовы палітычнай агітацыі.

Украінская прэса, як і беларуская, падзеленая на праўрадавую і апазіцыйную. Апошняя ўсё часцей адчувае выдаткі свайго статусу: збіццё журналістаў, ануляванне ліцэнзій і г.д. Вось яе яшчэ законам аб паклёпе прыстрашылі.

Кіраўнікамі сілавых структур робяцца людзі з атачэння сыноў Януковіча.
Прэзідэнт Януковіч адкрывае сельскагаспадарчыя выставы, загадвае ўраду падвышаць дабрабыт народа, на яго прызы ладзяцца спартыўныя кубкі.
Моўнае пытанне — яшчэ адны «беларускія граблі», на якія наступілі нашы суседзі.
Філосаф Міраслаў Паповіч, якога часопіс «Корреспондент» уключыў у спіс 100 самых уплывовых украінцаў, мяркуе, што такім чынам Партыя рэгіёнаў спрабуе імітаваць падабенства перамогі ў барацьбе за выкананне хоць нейкіх сваіх перадвыбарчых абяцанняў. Стаўка пры гэтым робіцца ў тым ліку і на магчымасць адцягнуць увагу людзей ад эканамічных і сацыяльных праблем.
«Лічыце, што сёлетняя парламенцкая кампанія надзвычай нецікавая і сумная? Тады вам у трэба наведаць Беларусь,
дзе сёлета таксама выбары» — іранізуе адзін з украінскіх тэлеканалаў. Лідар украінскай апазіцыі дакарае прадстаўніка партыі ўлады тым, што «нават у Беларусі сярэдні заробак вышэйшы, чым у нас». Такое паблажлівае стаўленне да нашай краіны наводзіць на думку: украінцы ці не паспелі адчуць, ці робяць выгляд, што не заўважаюць, наколькі іх уласная краіна стала падобнай да нашай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?