Найбольш вядомы яго раман «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» перакладзены на дзясяткі моваў свету. У 70-я гады КДБ спрабаваў атруціць пісьменніка.

Радыё "Свабода": Уладзімір Мікалаевіч, трэба нарадзіцца іншадумцам ці можна ім стаць?

Вайновіч: Я думаю, што бывае і так, і так. Можна і нарадзіцца, можна і стаць. Справа ў тым, што іншадумцы як нейкая група ці нейкая супольнасць вельмі разнастайныя. Вядома, сапраўдны іншадумец — гэта той, хто нарадзіўся, які глядзіць інакш. А ёсць такія, якія па абставінах прыстасоўваюцца.

Але сапраўднае іншадумства — гэта калі чалавек думае не так, і тым самым ніяк не можа дагадзіць грамадству.

Радыё "Свабода": Іншадумцы, як і ўсе іншыя, бываюць сур’ёзныя, упартыя, прынцыповыя людзі, а бывае іншадумства, звязанае з агульнай іранічнасцю чалавека. Вось у мяне такое ўражанне, што вы — не зацяты іншадумец, а проста ад прыроды чалавек іранічны, які не можа думаць ва ўнісон з партыяй, урадам і ісці па нейкім заасфальтаваным, бетанаваным шляху. Вам увесь час мілейшая нейкая іншая дарожка.

Вайновіч: Я, мабыць, неяк паспрабую канкрэтызаваць. Бывае, што іншадумства ідзе ад таго, што чалавек думае. Скажам, вельмі многія людзі, якія верылі ў камунізм і чыталі старанна Маркса і Энгельса, потым сутыкнуліся з тым, што рэчаіснасць не супадае. Яны расчараваныя, часам абураныя, рабіліся іншадумцамі з гэтай прычыны. А ёсць такое, яно натуральнае, нават не думаеш і не хочаш ім быць.

Але вось я апісаў выпадак, калі мне было гадоў 16. У нас дэманстрацыя мусіла быць — Першамайская або Кастрычніцкая.

Вырашалі, хто панясе які сцяг, транспарант, партрэт. І мне хацелі даць нейкі партрэт. А там нехта выступіў і кажа, што мне даваць нельга. Чаму? «А ён яго выкіне па дарозе».
Я, калі пачуў пра гэта, вельмі пакрыўдзіўся, таму што я б, вядома, не выкінуў. Але нешта ён ува мне разгледзеў такое, што я быў на гэта здольны.

І тое ж самае з савецкай уладай, напрыклад.

Я Сталіна не любіў з дзяцінства. Але ніякага пратэсту не выказваў. Ленін мне таксама не падабаўся.
На членаў Палітбюро глядзеў… Варашылаў здаваўся мне нічога, больш-менш, Калінін з казлінаю барадой — таксама сімпатычны дзядуля.

Я палітыкай не цікавіўся.

Мне было ужо 20 гадоў, калі арыштавалі Берыю. Я служыў у Польшчы, пасля дзяжурства спаў, потым выйшаў, мне днявальны кажа: «Ведаеш, Берыю арыштавалі». А я кажу: «Ведаеш, ён мне заўсёды не падабаўся».
Я не ведаў, што Берыя зрабіў, я ведаў, што ён нейкі чалавек наверсе, але вось ён мне чымсьці не падабаўся. І савецкая улада — ну вось проста не падабаліся гэтыя плакаты, гэтыя партрэты. Потым я ўжо пачаў усведамляць, што гэта такое і чаму мне гэта не падабаецца. А то проста не падабалася. І неяк трапляў, бывала, у няёмкае становішча.

— А што ваш жыццёвы вопыт падказвае: іншадумства ідзе ад розуму, ад сумлення, ад густу?

— Я б сказаў, што спачатку яно ў мяне ішло ад густу, мабыць, потым ад нейкіх ведаў. Калі я даведаўся, што мой бацька сядзеў, я неяк верыў, што мой бацька добры чалавек, і не думаў, што ён сядзеў за нешта. Пачаў думаць. Спачатку мяне проста эстэтычна усё гэта раздражняла, гэтая прапаганда.

І калі пра Сталіна пісалі, што ён такі вялікі, пра яго шмат расказвалі, што ён карыфей усіх навук, што ён чытае па 400 старонак кожны дзень пры тым, што ён кіруе, што ён не спіць ніколі. Пачынаў думаць. Думаю: лухта нейкая.
І мне ён не падабаўся.
Мне было 14 гадоў, калі я спытаў бабулю: «Бабуля, што ты думаеш пра Сталіна?» Яна сказала: «Думаю, што бандыт».
Я так узрадаваўся, таму што ўсе вакол мяне (або так мне здавалася) былі вельмі высокай думкі пра Сталіна.

Потым — ад розуму, ад сумлення таксама, калі даведаешся ўжо, колькі зла гэты рэжым нарабіў. Тады ўжо ўключаецца сумленне.

— Ці думалі вы ўбачыць шмат што з таго, што вы напрарочылі на 2042 год, ужо ў 2012 годзе?

— Так, усяго 30 гадоў засталося да 2042-га году… Шчыра кажучы, не думаў. Я апісваў тую будучыню, якая — я спадзяваўся — ніколі не наступіць, бо гэта была не ўтопія, а антыўтопія.

А цяпер рэчаіснасць, здаецца, ужо пераўзыходзіць тое, што я там напісаў. У мяне там кіруе КПГБ — Камуністычная партыя дзяржаўнай бяспекі, і яшчэ там ёсць пяціадзінства: дзяржаўнасць, бяспека, рэлігійнасць…
Я чуў не раз, што нашага патрыярха, дарэчы, называюць «айцец Звяздоній». Але тыя дурасць і пошласць, якія робяцца цяпер сцягам нашага часу, — гэтага чакаць было немагчыма. Выдаюцца нейкія дурныя законы, ідуць нейкія жахлівыя суды, вось гэты сумнавядомы суд над Pussy Riot… Гэта ўсё пераўзыходзіць любую, нават ненапісаную сатыру.

Цалкам інтэрв'ю з пісьменнікам чытайце на сайце Расійскай службы радыё "Свабода".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?