Прэмія Алесю Бяляцкаму дадзена за яго «ўнёсак у абарону правоў чалавека і дапамогу людзям, якіх пераследуюць».

Пра рашэнне было паведамлена на ўрачыстай прэс-канферэнцыі з удзелам экс-прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, экс-прэм’ера Яна Кшыштафа Бялецкага, прэзідэнта горада Гданьска Паўла Адамовіча, старшыні праўлення Банка PKO Збігнева Ягелы.

Як паведаміў прадстаўнік Інстытута Леха Валенсы Здзіслаў Войцік, цырымонія ўручэння адбудзецца ў суботу 29 верасня ў 11.30 ў Гданьску ў Двары Артуса (вуліца Длугі Тарг 43/44). На цырымонію запрошаная жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, якая і атрымае прэмію з рук Леха Валенсы.

Прэмія Леха Валенсы ўручаецца асобам, інстытуцыям ці рухам, якія дзейнічаюць дзеля паразуменьня і салідарнага супрацоўніцтва народаў, свабоды і абароны правоў чалавека.

«Прэмія Леха Валенсы з’яўляецца выказваннем салідарнасці з тымі, хто змагаецца за лепшае заўтра. Яна была заснавана ў 2008 годзе былым прэзідэнтам Польшчы і кіраўніком прафсаюза „Салідарнасць“ Лехам Валенсам у знак падзякі за падтрымку, якую ён меў, атрымліваючы Нобелеўскую прэмію міру 1983 года»,- паведамляе прэс-служба Інстытута Леха Валенсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?