Увайшла ў актыўную фазу прызыўная кампанія ва Узброеныя сілы Беларусі.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, мерапрыемствы прызыву ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 2 жніўня № 352 «Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў жніўні — лістападзе 2012 года».

У ходзе цяперашняй прызыўной кампаніі для праходжання тэрміновай ваеннай службы на пасадах салдат і сяржантаў плануецца прызваць каля 9 тысяч чалавек. Яшчэ каля 2 тысяч маладых людзей будуць прызваныя на службу ў рэзерве.

У ходзе прызыўной кампаніі прызыўным камісіям раёнаў і гарадоў трэба прыняць каля 100 тысяч рашэнняў у дачыненні да грамадзян, якія падлягаюць прызыву.

Цяпер ваеннымі камісарыятамі праводзіцца работа па вывучэнні маральна-дзелавых якасцей, ідзе адбор прызыўнікоў прадстаўнікамі злучэнняў і вайсковых часцей.

Медыцынскімі камісіямі ажыццяўляецца паглыбленае вывучэнне здароўя грамадзян, якія падлягаюць прызыву, па вызначэнні іх прыгоднасці да ваеннай службы. У адпаведнасці з сумеснай пастановай Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя ад 1 жніўня 2012 года № 33/85 удакладнены спіс захворванняў, па якіх прызнаюцца непрыгоднымі да вайсковай службы прызыўнікі і ваеннаабавязаныя, якія стаяць на ўліку ў ваенных камісарыятах. Прыняць гэты дакумент дазволіла павышэнне магчымасцей медыцынскіх устаноў па дыягностыцы і лячэнні захворванняў.

Адпраўка новага папаўнення ў войскі будзе ажыццяўляцца з 15 па 30 лістапада, а для праходжання службы ў рэзерве — з 22 па 23 лістапада.

Асноўнымі задачамі прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве з’яўляюцца падрыхтоўка ваенна-навучанага рэзерву і атрыманне грамадзянінам ваенна-уліковай спецыяльнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?