За часамі ГДР тэрмінам «Kirche von unten» (скарочана «KVU», у перакладзе — царква, якая ідзе ад «нізоў») называлі нефармальны саюз царквы і вальнадумнай інтэлігенцыі. Дысыдэнты маглі адносна свабодна абменьвацца думкaмі ў памяшканьнях, якія належалі царкве, бо яна таксама была нездаволеная рэжымам. Цяпер у Нямеччыне дэмакратыя, у адрозьненьне ад не такой ужо й далёкай Беларусі, чые мастакі нярэдка маюць больш шанцаў паказаць свае працы на Захадзе, чым на радзіме. Таму беларуская андэрграўнд-культура паціху-патроху, але прабівае шлях у агульнаэўрапейскую прастору свабоднага мастацтва. Так, 25 лістапада ў бэрлінскім клюбе «KVU» ў раёне Прэнцлаўэр-Бэрг адчынілася супольная выстава шасьці беларускіх і нямецкіх фотамастакоў і фотакарэспандэнтаў «Бэрлін—Менск. Альтэрнатыўныя погляды».

«KVU» — клюб моладзевы і нефармальны, таму запрошаныя фатографы цалкам адпавядаюць яго іміджу. Двое — Кай Анакер-Сантаровіч і Фолькер Барнт — нарадзіліся ў Нямеччыне, трое — Максім Шумілін, Міхаіл Лешчанка і Ксеня Мурач — жывуць у Беларусі, яшчэ двое — Андрэй Логінаў і Зьміцер Ляльчук — знаходзяцца ў творчым пошуку паміж дзьвюма краінамі. Арганізавала выставу група аднадумцаў, якіх лучаць супольныя інтарэсы і даўняе сяброўства, завязанае ў розных пунктах на лініі Менск—Бэрлін. Правесьці выставу дапамог нямецкі фонд Робэрта Боша.

Выстава ў Бэрліне — гэта погляд маладых мастакоў і журналістаў на Беларусь праз вочка фотааб’ектыва. На адкрыцьці выставы 25 лістапада быў сапраўдны аншляг — каля 300 наведвальнікаў. 28 лістапада, падчас заключнай дыскусіі, арганізатары налівалі боршч ды накладалі ў талеркі дранікі з грыбамі ды мясам. Імпрэзы такога кшталту — дадатковая нагода пераканацца, што кола людзей, якія жывуць у Нямеччыне але шчыра цікавяцца Беларусьсю, досыць шырокае.

Праект будзе мець працяг у Менску. Тыя самыя фатографы прэзэнтуюць сталічнай публіцы свой погляд на Нямеччыну. Адкрыцьцё выставы — 23 сьнежня a 18-й гадзіне ў незалежнай менскай арт-галерэі «Падземка» (праспэкт Скарыны, 43). Як кажа Ганна Анакер-Сантаровіч, адна з арганізатарак выставы, «Падземка» — адзінае месца ў Менску, дзе можна выстаўляць андэрграўнднае мастацтва без праблем зь бюракратыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?