Як паведамілі БелаПАН у галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама, у конкурснай праграме кінафоруму заяўлена 51 карціна вытворчасці 2010–2012 гадоў: 9 гульнявых, 19 дакументальных, 6 анімацыйных, 17 студэнцкіх і дэбютных фільмаў.

Паказы пройдуць у кінатэатрах «Беларусь» і «Мір». Старшыня журы фестывалю — кінакрытык, першы намеснік старшыні Саюза кінематаграфістаў Расіі, загадчык кафедры кіназнаўства УДІК прафесар Сяргей Лазарук.

У кінафоруме возьмуць удзел вядомыя дзеячы айчыннага і замежнага кінамастацтва. У іх ліку — народная артыстка Расіі Вольга Астраумава, расійскі акцёр тэатра і кіно Аляксандр Цуркан, грузінскі і расійскі сцэнарыст і кінарэжысёр Іраклій Квірыкадзэ, які 2 кастрычніка дасць майстар-клас.

Падчас фестывалю плануецца шэраг творчых сустрэч з яго ўдзельнікамі.

Сёння пасля цырымоніі адкрыцця фестывалю, якая адбудзецца ў кінатэатры «Беларусь», будзе паказана першая конкурсная работа — фільм «Украсці Бельмандо» (Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, 2012 год, рэжысёр Мікалай Князеў).

Фестываль завершыцца 2 кастрычніка. Узнагарода «Крыштальны бусел» будзе ўручана ў намінацыях «За лепшы фільм фестывалю» (Гран-пры), «За лепшую мужчынскую ролю», «За лепшую жаночую ролю», «За лепшую рэжысуру», «За лепшы сцэнарый», «За лепшы ігравы фільм», «За лепшы тэлевізійны ігравы фільм (серыял)», «За лепшы неігравы фільм» і «За лепшы анімацыйны фільм».

Апрача таго, будуць вызначаны ўладальнікі дыпломаў «За лепшую рэжысуру (неігравы фільм)», «За лепшы дэбют у кінарэжысуры» імя народнага артыста СССР кінарэжысёра Віктара Турава, «За лепшую студэнцкую работу «Момант ісціны» імя народнага артыста Беларусі кінарэжысёра Міхаіла Пташука, «За лепшую аператарскую работу» імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі кінарэжысёра, кінааператара Юрыя Марухіна. Плануецца ўручыць дыпломы яшчэ ў дзевяці намінацыях.

Фестываль беларускіх фільмаў праводзіцца ў Брэсце ўжо 15 гадоў з перыядычнасцю раз у два гады. Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры, Брэсцкі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Белтэлерадыёкампанія, кінастудыя «Беларусьфільм» і Саюз кінематаграфістаў.

Задача форуму — развіццё нацыянальнай кінематаграфіі, папулярызацыя лепшых твораў айчыннага кіно, падтрымка прагрэсіўных творчых ідэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?