У панядзелак 23 красавіка на вашыя пытаньні будзе адказваць прафэсар, дасьледчык наступстваў Чарнобыльскай катастрофы Юры Бандажэўскі.

Свае пытаньні вы можаце задаваць ужо зараз праз акенца на гэтай старонцы.

Пытаньні, што ўтрымліваюць зьнявагі, будуць аўтаматычна выдаляцца.

* * *

Юры Бандажэўскі нарадзіўся ў 1957 г. у пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобл.

Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны мэдыцынскі унівэрсытэт. Доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, член‑карэспандэнт Беларускай акадэміі мэдыцынскіх навук, акадэмік Беларускай інжынэрнай акадэміі, правадзейны сябра Нью‑Ёркскай акадэміі навук, ганаровы акадэмік Польскай акадэміі навук.

З 1990 г. працаваў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага інстытута. Аўтар больш за 250 навуковых працаў, у тым ліку і на тэму ўплыву на здароўе г. зв. «малых дозаў» радыяцыі, аўтар некалькіх вынаходніцтваў. Ляўрэат многіх прэмій.

У ліпені 1999 г. быў арыштаваны, а ў чэрвені 2001 г. асуджаны на восем гадоў пазбаўленьня волі — Ваенная калегія Вярхоўнага Суду прызнала яго вінаватым у хабары. «Міжнародная амністыя» ды іншыя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго вязьнем сумленьня, паколькі былі перакананыя, што Бандажэўскага асудзілі за крытыку стаўленьня кіраўніцтва Беларусі да праблемаў Чарнобылю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0