У Беларусі з 1 па 7 кастрычніка праходзіць Беларускі архітэктурны тыдзень. Такая акцыя праводзіцца ў краіне ўпершыню, паведаміла прэс-служба Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Беларускі архітэктурны тыдзень прымеркаваны да Сусветнага дня архітэктуры і закліканы павысіць цікавасць грамадства, у тым ліку дзяцей і моладзі, да дасягненняў, праблем і вытокаў сучаснай архітэктуры.

Паводле слоў намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрыя Семянкевіча, падобныя акцыі праводзяцца ў многіх краінах.
Традыцыйна архітэктары збіраюцца на канферэнцыі, дзе абмяркоўваюць умовы і вынікі сваёй практычнай дзейнасці, разглядаюць праблемы архітэктурнай адукацыі, наладжваюць творчыя дыскусіі, арганізоўваюць выставы.

Плануецца, што Беларускі архітэктурны тыдзень стане ў краіне традыцыйным. Напрыклад, будуць арганізаваныя спецыяльныя экскурсіі ў звычайна закрытыя для наведвальнікаў адміністрацыйныя і іншыя будынкі, значныя з архітэктурнага пункту гледжання.

Сёлета праграма «Беларускага архітэктурнага тыдня» прадугледжвае правядзенне ў Мінску і ў рэгіёнах мерапрыемстваў, якія «дазволяць у значнай меры расказаць насельніцтву аб падыходах да горадабудаўнічай палітыкі, перспектыўнага развіцця пасяленняў», паведамілі ў прэс-службе Мінбудархітэктуры.

6 кастрычніка ў жыхароў абласных гарадоў і Мінска з’явіцца магчымасць «Зазірнуць у будучыню» — пад такой назвай плануецца разгарнуць у гэтых гарадах архітэктурныя пленэры. Гэта будуць праекты (макеты, малюнкі, 3D-макеты і г.д.), над якімі працуюць мясцовыя архітэктары.

Таксама з 1 кастрычніка сумесна з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі будзе праводзіцца конкурс малюнка «Архітэктура Беларусі вачамі дзяцей».

У дні акцыі пройдуць таксама і прафесійныя мерапрыемствы: рэспубліканскі архітэктурна-горадабудаўнічы савет на тэму «Вобраз беларускай сучаснай архітэктуры» і арганізаваны Беларусім саюзам архітэктараў сумесна з Беларусім саюзам мастакой круглы стол па тэме «Праблемы манументальнага мастацтва і скульптуры гарадскога асяроддзя».

Паводле слоў Семянкевіча, «у Беларусі не страцілі галоўнае — культуру архітэктуры і горадабудаўніцтва, праектавання і кіравання развіццём гарадоў».
«Увесь свет сутыкнуўся з праблемамі інтэрнацыянальнага архітэктурнага вобраза, які ўсюды аднолькавы і не мае адметных асаблівасцей. Беларусь у гэтым плане трымаецца стойка — трэба аддаць належнае масцітым архітэктарам, якія ў свой час стварылі трывалую базу, якая існуе і па сённяшні дзень», — сказаў ён.

Семянкевіч упэўнены, што беларускім архітэктарам трэба закладваць у праекты як мага больш айчынных будматэрыялаў. «Можа падацца, што гэта не мае ніякага дачыненні да архітэктуры, але ёсць такое паняцце, як попыт, які фарміруюць менавіта архітэктары. Таму спецыялісты, якія працуюць у гэтай сферы, павінны больш увагі надаваць айчынным будаўнічым матэрыялам і пры праектаванні закладваць іх у свае аб’екты, а не замежныя аналагі», — лічыць намеснік міністра.

Сусветны дзень архітэктуры (World Architecture Day) быў заснаваны Міжнародным саюзам архітэктараў (МСА). У 1985 годзе на сходзе МСА было вырашана штогод святкаваць Сусветны дзень архітэктуры ў першы панядзелак ліпеня. У 1996 годзе Міжнародны саюз архітэктараў на сваёй 20-й генеральнай асамблеі ў Барселоне прыняў рэзалюцыю аб пераносе святкавання Сусветнага дня архітэктуры на першы панядзелак кастрычніка. У гэты дзень пад патранажам ААН адзначаецца Сусветны дзень жылля (Сусветны дзень Хабітат).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?