Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Інфармацыя пра магчымую эпідэмію менінгіту ў Гомелі з’явілася на сайце charter97.org. Сайт спасылаецца на жыхара горада, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Па яго словах, у некалькіх раёнах Гомеля нібыта ўспыхнула эпідэмія менінгіту. Ягоная дачка нібыта зараз у бальніцы з такім дыягназам.

Гамяльчук мяркуе, што прычынай захворвання можа быць кепская вада. «Суседзі па палаце кажуць, што іх дзеці захварэлі пасля таго, як папілі вады з-пад крана», — паведамляе чытач charter97.org.

У Гомельскай клінічнай бальніцы №3 карэспандэнту «НН» паведамілі, што нічога пра эпідэмію менінгіту не ведаюць.

«Калі б у горадзе склалася падобная сітуацыя, мы адразу ж атрымалі б адпаведныя звесткі з гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі», — запэўніў намеснік галоўнага ўрача Алег Кабылка.
Па яго словах, згодна распараджэння Мінаховы здароўя, пацыенты з падазрэннем на менінгіт накіроўваюцца ў інфекцыйную бальніцу.

Адзін з мінскіх медыкаў у размове з карэспандэнтам «НН» патлумачыў, што захварэць на менінгіт, папіўшы вады з-пад крана, фактычна немагчыма. Вада, якая паступае ў кватэры, апрацоўваецца. А вось у пачатку купальнага сезону небяспека захварэць узрастае.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гомельскай вобласці, галоўны ўрач Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Тарасенка так пракаментаваў інфармацыю агенцтву БЕЛТА.

«Традыцыйна з ліпеня адзначаецца сезонны ўздым захворвання энтэравіруснай інфекцыяй, якая выклікае ангіну, фарынгіт і ў тым ліку серозны менінгіт. У ліпені гэтага года ў Гомелі было зарэгістравана 10 выпадкаў серознага менінгіту, жніўні — 17, верасні — 44. Усе яны былі выкліканыя не менінгакокавай інфекцыяй, а энтэравіруснай. Гаворкі аб эпідэміі не ідзе, і сітуацыя знаходзіцца пад кантролем».

Аляксандр Тарасенка дадаў, што асноўнай групай рызыкі па захворванні серозным менінгітам з'яўляюцца дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Асноўны шлях перадачы гэтай хваробы — паветрана-кропельны. У цяперашні час спецыялісты дзяржсаннагляду праводзяць комплекс мер па папярэджанні распаўсюджвання менінгіту: праводзяць прафілактычныя гутаркі, праверкі, даследаванні пітной вады і прадуктаў харчавання.

* * *

Менінгіт — запаленне мяккай абалонкі вакол галаўнога і спіннога мозга. Выклікаецца бактэрыямі і вірусамі. Вірусны менінгіт — найбольш распаўсюджаная форма захворвання. Ён не пагражае жыццю хворага, але моцна аслабляе арганізм. Вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Таксама адной з прычын з’яўляецца кепская гігіена.

Сімптомы: высокая тэмпература, галаўны боль, ваніты, раздражняльная рэакцыя на яркае святло ды інш.

Пры падазрэнні на менінгіт трэба неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?