На гэтае пытаньне адказвае Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал

Ільготы ў сфэры жыльлёвых адносінаў

Службовае жыльлё ў Менску для пражываньня зь сям’ёй даецца не пазьней за шэсьць месяцаў «ад пачатку працы на прафэсійнай аснове». Гэта тычыць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сэнатараў, што ня маюць жыльля ў Менску або знаходзяцца на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоваў.

Да моманту атрыманьня службовага жыльля вышэйзгаданай катэгорыі народных абраньнікаў выдзяляюцца двухмесныя нумары ў гатэлі альбо пагашаюцца выдаткі па найме жытла ў парадку і памеры, вызначаным заканадаўствам.

Паводле заяўкі іншагародняга дэпутата, ці чальца Савета Рэспублікі, заміж выдзяленьня гатэльнага нумару, ён можа атрымаць кампэнсацыю выдаткаў на наём жытла. Засяленьне ж у гатэль для дэпутатаў парлямэнту пазачарговае.

Існуюць таксама ільготы на карыстаньне паслугамі сувязі, першачарговае ўсталяваньне кватэрнага тэлефону. 50‑адсоткавая зьніжка пры аплаце за карыстаньне тэлефонам (акрамя міжгародных і міжнародных размоваў.

Ільготы на праезд

Дэпутаты і чальцы СР маюць права карыстацца паветраным, чыгуначным, аўтамабільным, водным і ўсімі відамі гарадзкога і прыгараднага пасажырскага транспарту (за выняткам таксі) у часе выкананьня паўнамоцтваў на тэрыторыі Беларусі за кошт сродкаў, вылучаных з рэспубліканскага бюджэту на фінансаваньне парлямэнту.

Прадугледжана выплата кампэнсацыяў за выкарыстаньне асабістага аўтатранспарту ў сувязі з выкананьнем дэпутацкай дзейнасьці ў парадку і памеры, вызначаным заканадаўствам.

Дэпутаты і чальцы СР маюць права карыстацца залямі афіцыйных дэлегацыяў аэрапартоў, чыгуначных і рачных вакзалаў.

У выпадку прыпыненьня паўнамоцтваў, ці сканчэньня іх тэрміну, дэпутаты і чальцы СР, што пражываюць на дзень спыненьня паўнамоцтваў у службовай кватэры ў Менску, маюць права на бясплатны праезд і бясплатны правоз маёмасьці на месца сталага пражываньня.

Ільготы ў сфэры працоўных адносінаў

Вызваленьне ад прызыву на дзейсную вайсковую альбо альтэрнатыўную службу, ад прызыву на вайсковыя зборы (на час выкананьня дэпутацкіх паўнамоцтваў)

Прадстаўленьне штогадовага аплочванага адпачынку працягласьцю 36 каляндарных дзён.

Іншыя ільготы

Абавязковае дзяржаўнае асабістае страхаваньне на выпадак сьмерці (гібелі), калецтва альбо іншага пашкоджаньня здароўя, зьвязаных з выкананьнем службовых абавязкаў, а таксама на выпадак хваробы ці страты працаздольнасьці на момант выкананьня паўнамоцтваў, паводле ўмоваў, вызначаных для міністра Рэспублікі Беларусь, з выплатай страхавых сумаў:

у выпадку сьмерці членам іх сем’яў незалежна ад выплатаў па дзяржстрахаваньні і сацыяльным забесьпячэньні адзіначасовая дапамога (20 б.в.) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;

у выпадку атрыманьня калецтва ці іншых пашкоджаньняў здароўя, што пацягнулі за сабой сталую страту працаздольнасьці ў сувязі са зьдзяйсьненьнем паўнамоцтваў, штомесячна выплачваецца кампэнсацыя ў памеры розьніцы паміж месячным заробкам на момант выплаты кампэнсацыі і прызначанай пэнсіі без заліку выплатаў страхавых сумаў па дзяржстрахаваньні.

Выплата выхадной дапамогі ў памеры, вызначаным для міністра Рэспублікі Беларусь

На партале pravo.by можна пацікавіцца таксама, якімі льготамі карыстаюцца супрацоўнікі сілавых структураў, судзьдзі і пракуроры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?