Памер марскіх рыб можа паменшыцца амаль на 24% у бліжэйшыя сорак гадоў, асабліва моцна гэта праявіцца ў трапічных рэгіёнах. Аб гэтым піша газета The Guardian са спасылкай на вынікі даследавання, праведзенага навукоўцамі канадскага Універсітэта Брытанскай Калумбіі.

У цёплай вадзе метабалізм рыб паскараецца, так што ім патрабуецца больш кіслароду. Аднак цёплая вада ўтрымоўвае менш кіслароду — гэта і абмяжоўвае рост асобін,
тлумачаць спецыялісты.
«Мы былі здзіўленыя вынікамі. Мы не меркавалі, што дзеянне будзе такім моцным і закране такія шырокія тэрыторыі», —
заявіў прафесар Уільям Чонг, які кіраваў даследаваннем.
Паралельна з памяншэннем памеру індывідуальных асобін будзе ісці скарачэнне папуляцыі марскіх рыб. Гэта можа стаць сур’ёзнай праблемай: чалавецтва, колькасць якога, наадварот, працягвае расці, спажывае ўсё больш і больш рыбы.

Сітуацыя ўяўляецца яшчэ больш трывожнай, калі ўлічыць з’явы, звязаныя з глабальным пацяпленнем, такія як акісленне акіяна і памяншэнне аб’ёму пажыўных рэчываў каля паверхні вады, а таксама той факт, што рыбная лоўля вядзецца празмерна актыўна.

«Для мільярда людзей рыба з’яўляецца асноўнай крыніцай жывёльнага бялку — і гэтая лічба будзе толькі расці, асабліва ў краінах, якія развіваюцца», — лічыць прафесар Каллум Роберт з Універсітэта Ёрка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0