Палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу на першым пасяджэнні 11-й сесіі чацвёртага склікання, якое адбудзецца 2 кастрычніка, разгледзіць у першым чытанні праект закона аб бюджэце на 2013 год.

Праект бюджэту на наступны год мае сацыяльную накіраванасць і прадугледжвае павелічэнне аб’ёму сродкаў, што выдзяляюцца на развіццё сфер адукацыі, аховы здароўя, навукі. Таксама прадугледжваецца павысіць эфектыўнасць выкарыстання гэтых сродкаў.

Акрамя таго, на пасяджэнні плануецца разгледзець у першым чытанні папраўкі ў бюджэтны і падатковы кодэксы, а таксама ў закон аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе.
Прадугледжваецца і ратыфікацыя некалькіх пагадненняў. Яны датычацца ўзаемнага выдзялення зямельных участкаў пад дыпламатычныя місіі і іншыя мэты ў Беларусі і ў краінах, якія падпісалі гэтыя дакументы, — Туркменістане, Казахстане і Расіі.
Таксама чакаецца прыняцце ў першым і другім чытаннях праекта закона аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацабароны насельніцтва Беларусі на 2013 год.
Адразу ў двух чытаннях плануецца прыняць папраўкі ў закон аб пенсійным забеспячэнні. Гэтыя змяненні ў тым ліку прадугледжваюць магчымасць адтэрмінаваць атрыманне пенсіі пры надыходзе пенсійнага ўзросту 55 гадоў жанчынам і 60 гадоў мужчынам пры адначасовым павелічэнні сумы. Папраўкі з’яўляюцца лагічным прадаўжэннем указа нумар 136 «Аб мерах па ўдасканаленні пенсійнага забеспячэння грамадзян».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?