Мінулыя парламенцкія выбары былі найменш канфліктнымі ў гісторыі суверэннай Беларусі. Аб гэтым у эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ 30 верасня заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК задаволена вынікамі выбарчай кампаніі: «Гэта, напэўна, нават самыя простыя парламенцкія выбары за ўвесь той перыяд, калі я працую старшынёй». Як правіла, выбранне дэпутатаў парламента з’яўляецца самым канфліктным, і палітычнае напружанне пасля гэтага значна больш цяжкае, чым пасля ўсіх іншых выбарчых кампаній, сказала яна. Паступае шмат скаргаў, адзначаюцца спрэчкі, складаныя ўзаемаадносіны паміж кандыдатамі і акруговымі выбарчымі камісіямі. Па выніках праведзеных выбараў такіх сітуацый узнікала значна менш, спакойнай і малаканфліктнай можна назваць і апеляцыйную кампанію.

«Ці то кандыдаты былі інертныя, ці то нашы выбарчыя камісіі працавалі лепш, чым звычайна. Ці то сапраўды дапамаглі тыя змяненні выбарчага заканадаўства, якія ўступілі ў сілу два гады таму», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Разам з тым, на яе думку, прэтэндэнты на дэпутацкі фатэль мала працавалі з выбаршчыкамі, у сувязі з чым паступалі заявы ад грамадзян на недастатковую колькасць інфармацыі пра кандыдатаў.

У цэлым, лічыць Лідзія Ярмошына, новаўвядзенні на цяперашніх парламенцкіх выбарах (правядзенне дэбатаў, заяўны прынцып правядзення перадвыбарнай агітацыі, бюджэтныя ўліванні і інш.) сябе апраўдалі, хоць былі і збоі.

Гаворачы аб тым, наколькі аб’ектыўныя і незалежныя ацэнкі наглядальнікаў па выніках выбараў, Лідзія Ярмошына адзначыла, што яны залежаць ад тых задач, якія ставяцца перад місіяй. Пэўным крокам насустрач з боку місіі АБСЕ яна назвала прызнанне выбараў адпаведнымі нацыянальнаму заканадаўству.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?