Такое рашэнне, як паведамляе прэс-служба ўрада, утрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 883 ад 29 верасня.

«Верасень таксама азнаменаваўся для краіны павышэннем экспартных пошлін, прытым што дагэтуль Беларусь следам за Расіяй штомесяц з мая гэтага года зніжала экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты», — адзначаецца ў паведамленні.

Экспартная пошліна на сырую нафту 1 кастрычніка павялічылася з 393,8 долара да 418,9 долара за адну тону.
Адзіная стаўка экспартнай пошліны на светлыя і цёмныя нафтапрадукты (акрамя бензіну), якая з 1 кастрычніка 2011 года ўніфікаваная на ўзроўні 66% пошліны на нафту, з 1 кастрычніка 2012 года складае 276,4 долара за адну тону супраць 259,9 долара за адну тону ў верасні 2012 года. Такая ж пошліна ўстаноўлена на бензол, талуол, ксілолы. На таварныя бензіны і прамагонны бензін стаўка вывазных мытных пошлін, зыходзячы з каэфіцыенту 0,9, складае 377 долараў замест 354,4 долара за адну тону ў верасні. Пошліна на прапан, бутаны, этылен, прапілен, бутылен і бутадыен, іншыя звадкаваныя газы вырасла з 76,2 долара да 172,5.

Пастановай унесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў № 1932 ад 31 снежня 2010 года «Аб устанаўленні ставак вывазных мытных пошлін адносна нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь». Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам № 716 ад 31 снежня 2010 года «Аб стаўках вывазных мытных пошлін».

З 1 кастрычніка 2011 года Беларусь следам за Расіяй ажыццяўляе разлік экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты па формуле «60/66».
Гаворка ідзе аб прадукцыі, якая вывозіцца з тэрыторыі краіны за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Формула разліку падразумявае, што стаўка экспартных пошлін на светлыя і цёмныя нафтапрадукты ўніфікуецца і разлічваецца з каэфіцыентам 0,66 (66%) ад стаўкі пошліны на нафту. Адначасова 1 кастрычніка экспартная пошліна на нафту была зніжана шляхам скарачэння працэнта ад розніцы паміж цаной маніторынгу нафты і цаной адсячэння з 65% да 60%. Пры гэтым каэфіцыент разліку стаўкі пошліны на бензіны складае 0,90 (90%).

Як адзначае прэс-служба, з 2011 года Беларусь імпартуе расійскую нафту бяспошлінна, але пералічвае ў бюджэт Расіі вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з гэтай вуглевадароднай сыравіны і прададзеныя ў трэція краіны. Экспартныя пошліны ад продажу нафты ўласнай здабычы (каля 1,7 млн. тон у год) краіна залічвае ў свой бюджэт. Так, за студзень-жнівень 2012 года Беларусь пералічыла ў бюджэт Расіі 2,7 млрд. долараў вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты, атрыманыя з расійскай нафты. За 2011 год гэтая сума склала 3,07 млрд. долараў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?