Міністэрства адукацыі Таджыкістана выпусціла адмысловую інструкцыю, якая рэгламентуе форму вопраткі для школьніц і студэнтак: паводле гэтага дакумента, у навучальных установах забаронена насіць міні‑спадніцы і ювелірныя ўпрыгожванні.
Акрамя таго, у свецкія школы дзяўчатам не дазваляецца прыходзіць у хіджабе. Да парушальніц будуць ужывацца розныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння, іх нават могуць выключаць з навучальных устаноў.
Раней прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон забараніў школьнікам праводзіць «апошнія званкі», карыстацца на ўроках мабільным тэлефонам і прыязджаць на заняткі на асабістым аўтамабілі.
Праўда, у пачатку красавіка кіраўнік дзяржавы ўсё ж дазволіў дзецям адзначаць школьныя святы, праўда, з умовай, што мерапрыемства будзе працягвацца не больш за гадзіну.
Нагадаем таксама, што летась прэзідэнт Таджыкістана забараніў настаўнікам насіць залатыя зубы.