Літоўска-МАПІДаўскае будаўніцтва: уваход ёсць, сценаў няма.

Літоўска-МАПІДаўскае будаўніцтва: уваход ёсць, сценаў няма.

Ці давядзецца даплачваць за кватэры, залежыць ад настойлівасці дольшчыкаў «Мінскбуд».

Ці давядзецца даплачваць за кватэры, залежыць ад настойлівасці дольшчыкаў «Мінскбуд».

Дом ад «ТэраБудІнвеста» непрыглядным бокам.

Дом ад «ТэраБудІнвеста» непрыглядным бокам.

БТшнікам метр каштаваў $560.

БТшнікам метр каштаваў $560.

Сталічных забудоўшчыкаў, якія сканчаюць дамы ў тэрмін, можна пералічыць па пальцах. Камусьці перашкодзіў крызіс, камусьці — несумленныя падрадчыкі, але найчасцей сапраўднай прычынай становіцца расхлябанасць будаўнікоў, якая застаецца беспакаранай. Навасёлы, атрымаўшы ключы ад кватэры, не ідуць судзіцца — наперадзе працаёмкі рамонт. Вось толькі дачакацца гэтага моманту ўдаецца не ўсім. У некаторых выпадках дольшчыкі чакаюць свае кватэры гадамі. «Наша Ніва» даведалася, як вырашаецца сітуацыя на праблемных аб’ектах.

Будоўля так і не пачалася

У тры дамы на праспекце Незалежнасці ў Мінску каля «Беларусьфільма» дольшчыкі павінны былі засяляцца ў канцы 2008 года. Прынамсі, такія тэрміны былі пазначаныя ў іх дамовах.

Заплаціўшы дзясяткі тысяч даляраў яшчэ ў 2005—2006 гадах (!), яны спачатку чакалі свайго жылля, пасля — вяртання сваіх грошай, цяпер — хоць нейкай кампенсацыі. Забудоўшчык, кампанія «Перспектыва-Інвест Буд», год за годам прасіла «трошкі пачакаць». Але і праз шэсць гадоў пасля поўнай аплаты кватэры на месцы будаўніцтва па-ранейшаму можна ўбачыць некалькі забітых сваяў у гіганцкай яме. Агулам у ёй аказаліся пахаваныя $10 мільёнаў.

«Пацярпелых дольшчыкаў было пад 130 чалавек. Некалькім дзясяткам удалося праз суд вярнуць укладзеныя ў будоўлю грошы.
Але з часу аплаты курс даляра вырас у чатыры разы! Людзі бралі крэдыты, пазычалі ў знаёмых і ў выніку засталіся ні з чым. Некалькі сем’яў увогуле разышліся, бо ў кватэру яны ўклалі ўсё, што маглі, — расказвае Андрэй, адзін з дольшчыкаў. — Мы падалі ў суд на дырэктара забудоўшчыка Сяргея Дземчука, каб яго пасадзілі за махлярства, а вярнулі нам грошы. Але суддзя дырэктара апраўдала, маўляў, у тым, што дом не пабудаваны, вінаваты не ён, а камерцыйныя рызыкі. Дарэчы, цяпер Дзямчук зноў затрыманы, але ўжо па іншай справе». Сумнавядомы дырэктар праславіўся яшчэ і тым, што выставіў на продаж кватэру ў сваім іншым навабудзе на вуліцы Кісялёва за $3,5 мільёна. Будаўніцтва і гэтага дома таксама расцягнулася на дзясятак гадоў…

Ініцыятыўная група дольшчыкаў тым часам вядзе перамовы з Мінгарвыканкамам. Адзін з варыянтаў вырашэння сітуацыі — стварэнне кааператыва і самастойны пошук інвестара.

Імідж замінае дабудоўваць

Самая гучная гісторыя, звязаная з махлярствам забудоўшчыка, закруцілася вакол дома каля станцыі метро «Каменная Горка».
Пад відам офіса кампаніі-забудоўшчыка «ТэраБудІнвест» існавала арганізацыя, якая прымала ў дольшчыкаў наяўную валюту нібыта на будаўніцтва жыллё. З кліентамі заключаліся дамовы на будаўніцтва кватэраў, якія ўжо належалі іншым людзям. Калі бурбалка лопнула, каля 500 нелегальных дольшчыкаў засталіся без грошай. Агулам махляры атрымалі $5 мільёнаў. Адзначым, што дзяржава пайшла насустрач пацярпелым. Людзям сталі прапаноўваць месцы ў ільготных жыллёвых кааператывах, праўда, пабудавацца паспела менш за 100 чалавек з іх.

А што з самім домам і сапраўднымі дольшчыкамі? Шэсць пад’ездаў-секцый з дзесяці ўжо здадзеныя ў эксплуатацыю, і ў іх ужо засяліліся жыльцы. А вось пра лёс астатніх пад’ездаў нічога аптымістычна не скажаш. «Мая кватэра якраз знаходзіцца ў наступным, сёмым пад’ездзе. Я заключаў дамову ў канцы 2009 года. Прайшло тры гады, а мы ўсё яшчэ застаёмся на здымным жыллі, — наракае дольшчык Віталь. — Калі б забудоўшчык кінуў усе сілы на наш пад’езд, да канца года можна было б дабудаваць. Але мы ілюзій не маем. Відаць, яшчэ паўгода давядзецца чакаць. А вось з наступнымі пад’ездамі сітуацыя нашмат горшая. Праз гучную крымінальную справу ў забудоўшчыка сфарміраваўся кепскі імідж. Новыя дольшчыкі да нас не ідуць, а свабодных грошай у «Тэры» бракуе».

Непаваротлівы «Мінскбуд»

Іншая гарачая кропка на мапе Мінска знаходзіцца на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Шчорса.
Гісторыя не мае дачынення да прыватнікаў, тут правініўся дзяржаўны «Мінскбуд». Аргані-зацыя, якая найчасцей займаецца будаўніцтвам сацыяльных дамоў, вырашыла пабудаваць дом па камерцыйных цэнах. Год таму квадратны метр быў ацэнены ў 7,3 мільёна рублёў пры няпэўным курсе даляра. Будаўніцтва мусіла скончыцца ў сакавіку 2012 года.

З тым, што тэрміны не выконваюцца, дольшчыкі былі гатовыя змірыцца. Аднак юрысты «Мінскбуда» прапанавалі ім падпісаць дадатковае пагадненне, згодна з якім кошт квадратнага метра вырастаў да 8,5 мільёна рублёў. У выніку за двухпакаёвую кватэру трэ было даплаціць амаль $10 тысяч. «Мінскбуд» тлумачыў сітуацыю проста: у крызіс усе будаўнікі ўцяклі працаваць у Расію, а матэрыялы істотна падаражэлі, таму грошы на будаўніцтва і скончыліся. Многія дольшчыкі вырашылі даплаціць, але астатнія гатовыя змагацца да апошняга. Яны пішуць скаргі ў кантралюючыя структуры і кіраўніцтву горада, нават запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Кропка ў канфлікце пакуль не пастаўленая. Будаўніцтва аднавілася, але ці давядзецца плаціць астатнім дольшчыкам, невядома.

Спакуса з Курганнай

У сярэдзіне 2010 года, яшчэ да пачатку валютных скачкоў, літоўскі інвестар меўся пабудаваць за 8 месяцаў комплекс жылых дамоў усяго па $910 за квадратны метр. Прапанова прывабіла многіх — унікальныя скандынаўскія тэхналогіі будаўніцтва, бясшумныя ліфты, імпартныя прыборы. І ўсё гэта яшчэ і побач з вадаёмам. Не засмучала нават месца будаўніцтва — спальны раён Малінаўка — і тое, што, згодна з дамовай, 100% цаны кватэры трэба было заплаціць адразу ж.

Час расставіў усё на свае месцы. Прайшло два гады, а ў двух першых дамах яшчэ толькі ўзводзяцца сцены.
А вось замест астатніх дамоў будуць пабудаваныя серыйныя панэлькі ад МАПІДа. Затое пазіцыі забудоўшчыка, кампаніі «Гербелінвест», узмацніліся, нягледзячы на відавочны інвестыцыйны правал. Замежнікі сталі генеральным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Дапамога для Белтэлерадыёкампаніі

Затое гісторыя з домам для супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі блізкая да свайго завяршэння. Дом «для сваіх» пачынаў будавацца за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Квадратны метр каштаваў усяго $730 — значна танней за рынкавыя лічбы. Вось толькі на будаўніцтва грошай у БТ не хапіла.

Таму, калі ў канцы 2011 года справа ледзь не дайшла да замарожвання будоўлі, дом пераклалі на Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Фрунзенскага раёна Мінска.

Тэлевізіёншчыкам давялося перазаключаць дамовы, прычым квадратны метр для іх патаннеў аж да $550!

БТ абяцала здаць дом сёлета ў красавіку, УКБ арыентавалася на жнівень. Найхутчэй, тэлевізіёншчыкі атрымаюць ключы ад сваіх кватэраў у канцы зімы. Затое па льготнай цане і без даплат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?