11 красавіка

У Гомелі папярэдзілі
Абласная пракуратура інкрымінуе Сяргею Несьцяровічу парушэньне закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях. Яму закідаюць сыстэматычнае ладжаньне сходаў незарэгістраванай рэлігійнай суполкі ў сваёй кватэры, а таксама зборы грашовых сродкаў. Пракуратура называе гэтую суполку брацтвам у гонар Перамяненьня Гасподня. Паводле Несьцяровіча, плынь з такой назвай зьявілася некалькі год таму ў Расеі. Брацтва, заснаванае айцом Георгіем Качатковым, аб’ядноўвае некаторых вернікаў праваслаўнай царквы.
Пракурорскі работнік Елісееў не пазнаёміў С. Несьцяровіча з матэрыяламі справы, бо ў яго было ўжо гатовае афіцыйнае папярэджаньне.
Пры паўторным парушэньні Несьцяровіча могуць прыцягнуць да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасьці.

12 красавіка

Кадэбэшнікі маскіруюцца
10 красавіка ў Гомелі, ля цырку, невядомыя ў цывільным затрымалі студэнтку стыпэндыяльнай праграмы Каліноўскага Вольгу Дзьмітрук. Дзяўчына прыехала з Польшчы на пару дзён, каб разам з бацькамі правесьці велікодныя сьвяты.
Вольгу дапытвалі пра гомельскіх моладзевых актывістаў, перадусім тых, хто вымушаны цяпер жыць за мяжой. Дзяўчыне, зь яе словаў, прапаноўвалі супрацоўніцтва і пагражалі праблемамі са здароўем.
12 красавіка Тацьцяну Дзьмітрук, маці Вольгі, нечакана выклікаў на працу начальнік. Жанчына працуе ў мясцовай больніцы, на той момант была на выходным. У кабінэт зайшоў невядомы мужчына, які назваўся гомельскім супрацоўнікам газэты «Советская Белоруссия». Ён спрабаваў весьці гутарку пра дачку. Пасьля сыходу невядомага ў жанчыны пачаліся праблемы на працы. Тацяна Дзьмітрук кажа, што цяпер на працы ўсе ведаюць пра яе сытуацыю. «Журналіст», па яе словах, адшукаў яе не праз аддзяленьне, у якім яна працуе і дзе ёсьць усе неабходныя зьвесткі пра пэрсанал, а наўпрост праз кіраўніцтва больніцы.
На дадзены момант Вольга Дзьмітрук знаходзіцца ў Польшчы.

13 красавіка

Гамельчука прымусілі
У выніку адміністрацыйнага ціску гомельскі актывіст АГП Мікалай Калюка адазваў свой подпіс пад заяўкай на пікет, які плянуецца правесьці ў Гомелі 26 красавіка. З вышэйшай інстанцыі намесьніку дырэктара па ідэалёгіі некалькі разоў тэлефанавалі і прасілі, каб падначалены Калюка зьняў свой подпіс. Тэлефанавалі і дахаты Калюку з настойлівай рэкамэндацыяй адазваць подпіс пад заяўкай. У выніку актывіст аднёс заяўку начальніку ўпраўленьня ідэалёгіі па Гомельскай вобласьці Кацілу, у якой пазначыў, што адмаўляецца быць ініцыятарам чарнобыльскага пікету.

Вярхоўны суд адмовіў
Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу Саюзу палітычных партыяў «Саюз левых партыяў» на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць арганізацыю.

Мілінкевіча не пускаюць
Першы тэлеканал Беларусі адмовіў лідэру беларускай апазіцыі Аляксандру Мілінкевічу ў жывым эфіры 25 красавіка. 6 красавіка А.Мілінкевіч пісьмова звярнуўся да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага з просьбай даць яму, экспэртам і ліквідатарам жывы эфір 25 красавіка а 18 гадзіне, каб «даць незалежную ацэнку дзейнасьці дзяржаўных органаў па пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай аварыі».

14 красавіка

Да Казуліна не даходзяць
Падчас сустрэчы з адвакатам Аляксандар Казулін адзначыў, што да яго апошнім часам не даходзяць нават некаторыя заказныя лісты і лісты з апавяшчэннямі. Тое што даходзіць, падвяргаецца цэнзуры.
Па словах адваката, А.Казулін па‑ранейшаму знаходзіцца на рэжыме дыетычнага харчавання «5Б».

Садоўскую могуць вызваліць
Праваабаронца Кацярына Садоўская, магчыма, выйдзе на волю да канца красавіка. Пра гэта яна сама паведаміла ў лісьце дамоў, спаслаўшыся на рашэньне турэмнай камісіі рэкамэндаваць для яе ўмоўна‑датэрміновае вызваленьне. Зь яе ўжо ўзялі падпіску, што жанчына нікога ня будзе «зьневажаць». К.Садоўская была асуджаная да двух гадоў зьняволеньня за зьнявагу судзьдзі.

17 красавіка

На Радуніцу памянулі
У памінальнай акцыі ў Курапатах прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек — прадстаўнікі інтэлігенцыі, моладзі, рэпрэсаваныя і іх родныя. 29 красавіка па ўсёй Беларусі пачнуцца штомесячныя акцыі памяці ахвяраў сталінізму ў месцах іх масавага зьнішчэньня.

Гумінскага цягаюць
Сержука Гумінскага судзілі 17 красавіка ў аршанскім гарадзкім судзе, незважаючы на выходны дзень. Судзьдзя Сяргей Бондараў прызнаў Гумінскага вінаватым у дробным хуліганстве. Паводле судовае пастановы, моладзевы актывіст мусіць 12 сутак правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Афіцыйная прычына затрыманьня — нецьвярозы стан і брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы. Аднак мэдычная экспэртыза не пацьвердзіла ўжываньня Гумінскім алкаголю. Паплечнікі Гумінскага лічаць ягонае затрыманьне прэвэнтыўнай мерай — каб хлопец ня ўдзельнічаў у агульнагарадзкой акцыі, прысьвечанай Чарнобыльскай трагедыі. Заяўку на правядзеньне агульнагарадзкой імпрэзы ў суботу, 28‑га красавіка, мясцовыя актывісты ўжо падалі ў выканкам. Сяржук Гумінскі мае вызваліцца толькі 29 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?